BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валёнкі ад мастачкі Малгажаты Дмітрук – на выставе ЭКСПА ў Японіі

З 13 красавіка ў Японіі праходзіць вялікая падзея – Міжнародная выстава індустрыяльных і тэхналагічных дасягненняў ЭКСПА. Польшчу прадстаўляе Падляшскае ваяводства.

Адметным элементам падляшскай прэзентацыі стаў артэфакт, які сімвалізуе ўвесь рэгіён: гэта піксельныя валёнкі, створаныя мастачкай Малгажатай Дмітрук.

У мастацкай творчасці Малгажаты Дмітрук, выкладчыцы акадэміі мастацтва ў Варшаве, заўсёды прысутная тэма Падляшша, роднай ёй старонкі. Кажа аўтарка валёнак:

Мне заўсёды хацелася, каб дызайн быў прыемны і сучасны, але які адсылае да нашай традыцыі. Валёнкі, абшытыя пікселямі з лагатыпам, які прыдумаў Лявон Тарасэвіч. Уласнікам ёсць маршалкоўскі ўрад. Лявон Тарасэвіч прыдумаў сучасны лагатып, які адсылае да крыжыкаў, да беларускасці, да нашай малой бацькаўшчыны. І прыдумаў лагатып зубра.

У сваёй творчасці мастачка Малгажата Дмітрук імкнецца прывабіць, і запрасіць тутэйшых жыхароў – беларусаў, якія ў Падляшшы жывуць спрадвек, да крыніцаў іх душы: да беларускай культуры і мовы. І робіць гэта яна па-сучаснаму, абапіраючыся на памяць пра сваіх продкаў.

Кажа Малгажата Дмітрук:

Нашыя людзі, нашыя дзяды і прадзеды прыдумвалі на кожную з’яву, на кожную расліну свае словы. Не было кніг, ніхто не ўмеў чытаць, усё трэба было пераказаць вуснай мовай. Ніхто не пісаў, ніхто не ведаў правіл. Сапраўднае шчасце, бо гэта ёсць вольная мова ад усяго. Людзі паміраюць і памірае той свет, тыя словы, тыя гукі, тыя назвы, якіх цяпер бракуе.

У далёкай Японіі, на штучнай выспе Юмешыма горада Осака, у міжнароднай выставе прыме ўдзел 160 краінаў свету. І там сёлета творчасць беларускай мастачкі з Польшчы змогуць убачыць 28 мільёнаў наведнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя