Віленскі гарадскі беларускі клуб “Сябрына” – найстарэйшая беларуская грамадская арганізацыя ў Літве, якая была зарэгістраваная пасля 1940 года. Яе ўзначальвае Валянцін Стэх, сённяшні Госць Рацыі.

Пра тое, як узнік гэты клуб, як паўплывала на яго назву Зоська Верас, якімі культурніцкімі праектамі займаецца гэтая арганізацыя і якія імпрэзы праводзіць, паразмаўлялі з Валянцінам Стэхам.
РР: Распавядзіце пра гісторыю заснавання вашай арганізацыі, колькі раней было людзей, колькі зараз.
Валянцін Стэх: Усё пачалося з таго, што ў чарговым нумары тыднёвіка «Літаратура і мастацтва» быў пазначаны мой адрас. І гэты нумар трапіў да Валдаса Банайціса, літоўца, псіхіятара, які працаваў у Новай Вільні. Выдатна валодаў беларускай мовай, вельмі цікавіўся беларускай літаратурай, арганізаваў куток беларускай кніжкі ў нававіленскай кнігарні і сам пастаўляў у гэтую кнігарню кніжкі, цягаў іх з Беларусі.
Калі да яго трапіў гэты нумар штотыднёвіка, ён напісаў мне, і такія словы прагучалі: «цягну гэты прыемны воз і падзяліцца няма з кім». І мяне гэта так кранула за душу, што я адразу сеў і напісаў яму адказ. Між намі завязалася перапіска. І праз нейкі час мы сустрэліся, вырашылі, калі ён выпісвае гэтую газету, і каля яе выпісваю я, то можа і больш такіх падпісчыкаў у Вільні ёсць. Сталі думаць, як нам даведацца пра іх. І вырашылі, што трэба ехаць у Менск. У Вільні ніхто нічога толкам сказаць не мог, сказалі звяртацца ў Менск.
РР: Чаму Валдас Банайціс цікавіўся беларускай мовай і культурай, бо па прозвішчы, выглядае, што ён літовец? У яго былі беларускія карані? І чым вы займаліся ў Літве на той час?
Валянцін Стэх: Я працаваў на той час, гэта быў 1985 год, патэнтазнаўцам у праектным інстытуце. Валдас, па яго словах, ніякіх беларускіх каранёў не меў. Але калі ён пасля медінстытута быў накіраваны ў Новую Вільню, ён глядзіць, што тут няма з кім па-літоўску размаўляць. Тут амаль ніхто не разумее літоўскай мовы. І тады ён вырашыў, што раз такая сітуацыя, яму трэба пераходзіць на мясцовую мову. А Новая Вільня гэта асобны мікрараён, з боку Беларусі, у бок пагранпункту «Катлоўка». Калі да Вільні 44 кіламетры, то ад Новай Вільні 33 кіламетры да Вароны на беларускім баку, бо адлегласць паміж Вільняй і Новай Вільняй складае 11 кіламетраў. Новая Вільня – гэта адзін з мікрараёнаў Вільні, ад якога да пагранпункту «Катлоўка» на беларуска-літоўскай мяжы ўсяго 21-22 кіламетры. І жыхары з Астравецкага, Ашмянскага, Пастаўскага ды іншых раёнаў ехалі праз гэты прапускны пункт у Вільню.
Дык вось, я выехаў у Менск і звярнуўся на паштамп, мне сказалі, што менавіта той паштамп займаецца рассылкай беларускіх перыядычных выданняў за межы рэспублікі. Выпісаў там літоўскія адрасы падпісчыкаў розных беларукіх газет, не толькі тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Вярнуўся. Гэта было напрыканцы 1985 года. І я вырашыў павіншаваць усіх гэтых падпісчыкаў з новым 1986 годам.
Рэакцыя была рознай. Адны былі вельмі здзіўленыя, іншыя ўзрадаваныя, трэція вырашылі, што я ў такі спосаб шукаю магчымасці пазнаёміцца з дзяўчынай. А я жанаты быў. Сталі паступаць у адказ віншаванні. Мала-памалу мы сталі знаёміцца асабіста між сабой.
Акрамя таго мы землякі з Адамам Мальдзісам, ён мне падказаў адрас Лявона Луцкевіча. І праз яго я ўжо пазнаёміўся з Зоськай Верас. Я і перапісваўся з ёй. І Лявон Лцкевіч прапанаваў адзначыць 80-ыя ўгодкі «Нашай Нівы», як раз увосень 1986 года споўнілася 80 гадоў як у Вільні выйшаў першы нумар «Нашай Нівы». Было гэта ў кастрычніку. І падчас гэтага святкавання, экспромтам, узнікла ідэя арганізаваць беларускую арганізацыю ў Вільні. Прапановы былі розныя. Беларуска-літоўскае таварыства дружбы і г.д. Але Зоська Верас, нягледзячы на свой паважны ўзрост, цвёрда сказала, што ніякіх таварыстваў дружбы, трэба арганізоўваць Беларускі клуб. Ну і ўсё. Спантанна ўтварылася ініцыятыўная група. Вызначылі двух хадакоў – Мікалая Матача і мяне. Ну і пачалі абіваць парогі тагачасных гарадскіх і рэспубліканскіх органаў…
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






