Сродкі масавай інфармацыі Беларусі вельмі шмат размаўляюць пра экстрэмістаў. З сённяшняй Госцяй Рацыі – акторкай-купалаўкай Валянцінай Гарцуевай паразмаўляем пра “творчых экстрэмістаў”. Адбылася чытка п’есы беларускай паэткі і пісьменніцы Юліі Цімафеевай “Экстрэмісты” з удзелам аўтаркі.

РР: Раскажыце пра гэтую п’есу. Яна пра што, пра каго, якая яна?
Валянціна Гарцуева: П’еса цудоўная. Як сказала сама Юлія Цімафеева, гэта яе амаль першы досвед напісання п’есы. Але яна вельмі кранальная, вельмі цікавая, нестандартная даволі. Складаецца з лістоў цалкам. Канешне, гэта сыходзячы ад рэжысёра, яго погляда, але мы так вырашылі, што ўсё ж такі цэнтральнай фігурай там з’яўляецца Наста, якую выконвала і чытала сама Юля і ўвасабляе яе як быццам персанаж. Там яшчэ ёсць пара, якая знаходзіцца ў турме, і спрабуе ліставанне паміж сабой, але нічога ў іх не атрымліваецца. І вось праз Насту яны перадаюць вітанні адзін адному. І яшчэ адна фігура – гэта Цэнзар, гэта агульная фігура. Я ганаруся тым, і ўвогуле гэта не так часта адбываецца, каб разам на адной сцэне з аўтарам папрацаваць.
РР: Як прафесійнай акторцы глядзець на тое, як аўтар чытае п’есу? Бо аўтарскае выкананне зусім іншае.
Валянціна Гарцуева: Яно было вельмі эмацыйнае. І я, канешне, спрабавала запомніць як яна і што робіць, таму што гэта вельмі цікава. Яна як быццам выконвала сама сабе. І яно не можа быць няправільным, гэта яе пачуцці, яе тэкст і яна ў ролі сябе. Безумоўна, гэта было вельмі пазнавальна. Калі шчыра, я больш хвалявалася за сябе, але мне здаецца, нам усім усё спадабалася.
РР: Але хто такія “экстрэмісты”? Гэта падзеі пасля 2020 года – гэта ўсё тыя ж экстрэмісты, пра якіх мы зараз распавядаем і ў інфармацыйных лентах?
Валянціна Гарцуева: Ну так. Гэта мы ўсе больш агулам. Калі канкрэтна – гэта тая пара, якая сядзела ў гэты момант, пра які вядзецца гаворка. Увогуле ў п’есе з’яўляецца такое адчуванне, што той Цэнзар, які забараняе і з’яўляецца адмоўным персанажам, ён больш несвабодны і залежны ад абставінаў, хутчэй ён у палоне, чым тыя людзі, якія ў турме. Я так адчувала.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






