BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Васіль Дранько-Майсюк: Будзе займальная культуралогія для дарослых і для дзяцей

Госць Рацыі – Васіль Дранько-Майсюк – педагог, рэжысёр, драматург, актор, даследчык і адзін з самых актыўных папулярызатараў беларускай культуры.

Фота: facebook.com/people/Васіль-Дранько-Майсюк

РР: У суботу прыйшла сумная навіна, што актор-купалавец Георгій Маляўскі памёр на 78 годзе жыцця. Практычна паўстагоддзя ён адпрацаваў у Купалаўскім тэатры, таксама здымаўся ў кіно і розных тэлепраектах, у тым ліку і ў вашым праекце “Лабірынты”. Ці можаце Вы некалькі словаў сказаць пра вашую супрацу? Бо, наколькі я ведаю, у сямі эпізодах зняўся Георгій Рафаілавіч.

Васіль Дранько-Майсюк: Так, ён зняўся з 26 эпізодаў у 7. Я спадара Маляўскага ведаў з дзяцінства, таму што хадзіў у Купалаўскі тэатр. І менавіта гэты высокі, цікавы, непафасны ацёр, які ўмеў не толькі шыкоўна прамаўляць тэкст, але яшчэ і па-за тэкстам усё напаўняў такім зместам, не кожны акцёр умее файна маўчаць. І, канешне, я марыў з ім пазнаёміцца. І калі паўсталі “Лабірынты”, калі атрымалася магчымасць пісаць сцэнары, рэжысіраваць, здымаць серыял, прысвечаны нашым культурніцкім дзеячам, то я вельмі хацеў працаваць з тымі акцёрамі, якіх я з дзяцінства вельмі любіў. І Маляўскі быў нумар адзін. І ў першай жа серыі ён сыграў Петруся Усцінавіча Броўку. І гэта было дзівосна. Таму што ён, нягледзячы на зорны для мяне статус быў сціплым, інтэлігентным, вельмі дасведчаным эмацыйна і інтэлектуальна, слухаць яго было вельмі цікава. І працаваў, канешне, шыкоўна.  

РР: Ведаю, што Вы пачынаеце новы сезон анлайн з заняткаў. Што яны будуць з сябе ўяўляць і каго Вы шукаеце сабе ў вучні?

Васіль Дранько-Майсюк: Я даследую і беларускую літаратуру, і беларускае мастацтва, і тэатр – можна назваць гэта культуралогіяй. І таму ёсць некалькі такіх пластоў, напрамкаў. Перашае – гэта для малых беларусаў, якія толькі пачынаюць вучыць беларускую мову і разумець, што ў нас былі цудоўныя пісьменнікі, і цудоўныя святы народныя і розныя міфалагічныя істоты, і гістарычныя постаці. Гэта адно. Калі ты ў займальнай форме расказваеш нейкі базіс, праз казку, праз нейкую займальную гісторыю пра Усяслава Чарадзея гаворыш як пра нейкі серыял цудоўны, а праз гэта гаворыш і пра Полацкае княства, і пра міфалогію. Гэта адно. Другое, гэта для падлеткаў. Ты з імі гаворыш пра знакамітых пісьменнікаў, мастакоў, пра нашых культурніцкіх асобаў, якія, напрыклад, падчас сістэмы не ламаліся, а наадварот, беларускую тэму працягвалі, якія засталіся моцнымі, незалежнымі і файнымі. І я пра гэта расказваю праз маляўнічыя прэзентацыі, праз розныя гістарычныя аспекты. І для дарослых ёсць таксама лекцыі. Я раблю такі лекцыйны серыял з прэзентацыямі, з рознымі дакументамі – гэта Караткевіч і ягоны час. Я не толькі гавару пра ягоную біяграфію, але і пра тое, што адбывалася паралельна. Яшчэ гледзячы, каму што трэба. Калі камусьці трэба больш пісаць, мы пішам, самому выдумляць гісторыі, я раблю акцэнт на гэта, каб дзіця само выдумляла на аснове тых ці іншых прапанаваных абставін. Будзе такая займальная культуралогія для дарослых і для дзяцей.

РР: Сказаў бы, што слова “займальная” тут ключавое. Таму што вашыя заняткі нельга параўнаць са звычайнымі ўрокамі беларускай літаратуры ў школе. Таму што гэта сапраўды цікава, вельмі аўтарскі падыход і ўнікальныя звесткі і ўсё гэта вельмі дынамічна.

Васіль Дранько-Майсюк: Таму што звесткі звычайна з першакрыніц. Я як бы не бяру падручнік за 5 клас і з яго перадзіраю, а бяру падшыўку газеты “Літаратура і мастацтва”, “Полямя”, альбомы мастацкія таго часу, бяру адтуль інфармацыю. І ўжо пераасэнсоўваю. І сам для сябе нават  шмат чаго цікавага адкрываеш.

РР: Ці разлічваеце Вы на вучняў знутры Беларусі? Вельмі балючая тэма паразумення паміж беларусамі там і тут.

Васіль Дранько-Майсюк: Так. У мяне ёсць вучні ў Беларусі і па-за Беларуссю.

РР: Гэта не з’яўляецца небяспекай для іх?

Васіль Дранько-Майсюк: Я ж проста выкладчык культуралогіі і абсалютна ўсё ў мяне нармальна ў гэтым плане. Я пакуль не “экспрэсіяніст”, я займаюся культурніцкай справай і ў фэйсбуку я паказваю, што я  не выказваюся пра нейкія палітычныя рэчы. Таму што мая тэма і мая прафесійная прыналежнасць – гэта культура. І таму са мной можна мець справу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя