BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Васіль Ядчанка: Асноўная мая аўдыторыя – гэта моладзь

Відэаролікі на беларускай мове журналіста Васіля Ядчанкі за 7 дзён набралі больш за мільён праглядаў. Блогер заклікае ствараць кантэнт на беларускай мове, які запатрабаваны ў Беларусі і ва ўсім свеце.

Васіль Ядчанка. Крыніца фота: BGmedia

Ці назіраецца апошнім часам усплёск цікавасці да беларускай мовы з боку маладога пакалення? Ці становіцца беларуская мова моднай? І ці ёсць надзея вярнуць беларускую ў масы? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае блогер і журналіст Васіль Ядчанка ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Паглядзела твой ролік наконт таго, што за сем дзён мільён праглядаў на TikTok твайго блога. Давай спачатку нагадаем нашым слухачам, што гэта за блог.

Васіль Ядчанка: Гэта вельмі звычайны блог. Ён называецца «Мова ад Васіля», дзе я здымаю невялічкія відосікі пра мову, якія ў яе ёсць асаблівасці, цікавыя словы, цікавыя выразы.

РР: Як даўно ты пачаў гэты блог і чаму менавіта вырашыў да беларускай мовы звярнуцца?

Васіль Ядчанка: Першыя пачаткі былі яшчэ, мне падаецца, у 2021 годзе, ці напрыканцы 20-га. Я яшчэ жыў у Менску і там здымаў кулінарны блог. І рабіў, такі быў напрамак, гэта пераадкрыццё беларускай кухні. Я рабіў па-расейску, але ўсё роўна прарывалася беларуская мова. І я заўважыў, што ёсць нейкія такія фразы, якія я памятаю яшчэ з дзяцінства, ці з юнацтва, калі мне бацька казаў: ведаеш як будзе «картошка кипит» па-беларуску. Будзе «бульба каляхуе». І тады я гэты выраз зрабіў праз запіс і выразаў як асобны кавалачак. І калі толькі з’явіўся TikTok, я туды запіс выклаў, і гляджу праз некалькі дзён ужо 100 тысяч праглядаў. І думаю: ага, гэта цікава. І стаў рабіць вось такія відосікі падчас здымкаў блога, і пайшло-пайшло. Потым быў перапынак на некалькі гадоў. З-за пераездаў і гэтак далей. І потым зноў працягнуў рабіць. Шчыльна, кожны тыдзень, я раблю ўжо больш за год.

РР: Цяпер уражваюць лічбы – мільён праглядаў за 7 дзён. У асноўным глядзіць блог беларускамоўная публіка? Атрымліваецца адсачыць, хто твая аўдыторыя?

Васіль Ядчанка: Так, канешне. Статыстыка гэта дазваляе. Я бачу, проста перад вачыма, што з Беларусі – гэта 63 адсоткі. І ёсць такі раздзел, па-райсейску ён называецца «Прочие». Гэта 17.6 адсоткаў. Я думаю, што гэта таксама беларусы, якія ва ўсім свеце знаходзяцца. З Украіны бывае ад 6 да 10 адсоткаў. З Польшчы – 3 адсоткі. То бок, я бачу, што гэта або беларусы ва ўсім свеце, ці ўкраінцы, у якіх мова вельмі падобная, пра што яны ў каментарах увесь час пішуць. Бачу яшчэ, што ў мяне 49 адсоткаў мужчын, 51 адсотак жанчын. І асноўная мая аўдыторыя ў TikTok – гэта моладзь, што мяне вельмі натхняе. Напрыклад, аўдыторыя з 18 да 24 гадоў – гэта 40 адсоткаў. І плюс яшчэ 18 адсоткаў – гэта 25 – 34. То бок, я бачу, што моладзь цікавіцца, беларуская моладзь цікавіцца, і гэта толькі дапамагае нешта новае ствараць.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя