BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Васіль Ядчанка: Рыхтую спецпраект пад рабочай назвай “Тутэйшыя словы”

Беларусізацыяй прафесій ды прасоўваннем і пашырэннем выкарыстання беларускай мовы працягвае займацца блогер Васіль Ядчанка. Асноўная матывацыя стварэння такога кантэнту ў сацыяльных сетках – быць і заставацца беларусам нават у эміграцыі, – распавёў наш сённяшні Госць Рацыі ў гутарцы з Алісай Поль.

Фота: facebook Васіля Ядчанкі

РР: Давайце акрэслім, якія накірункі дзейнасці ці якія праекты для Вас актуальныя?

Васіль Ядчанка: Заўсёды актуальны мой праект “Мова ад Васіля”, дзе выходзяць відэа. Там ёсць розныя рубрыкі, падрубрыкі, спецпраекты. Хутка будуць новыя відэа, якія прысвечаны не самым вясёлым падзеям – гэта Чарнобыльская аварыя. Некалькі відэа планую, таму што павінны памятаць, не павінны забываць. Таксама прыдумаў караценькія выразы. Я іх назваў беларускія афірмацыі. Я іх планую пад такую спакойную музыку, напрыклад: “я такі талерантны, што нават магу зразумець чалавека, які не любіць дранікі”, “мая ўнутраная стабільнасць мацнейшая, чым чарка і скварка на радзіме”.

РР: Якія спецпраекты зараз найбольш актыўныя?

Васіль Ядчанка: Магу сказаць, падыходзіць да канца спецпраект “Мова ў працы”. Вельмі быў цікавы. Спачатку года ён актыўна вёўся. Вельмі паспяховы, як я сціпла лічу. У першыя ж месяцы сотні тысяч праглядаў было. І іншыя відэа, дзякуючы яму, набывалі прагляды. І ён завяршаецца якраз на гэтым тыдні. Будзе апошняе відэа пра завод. Будзе цікава, колькі розных відаў сталі ёсць. Да гэтага было відэа пра фларыста. Хто яшчэ не бычыў, раю паглядзець. Таксама рыхтую цікавы, як мне падаецца, спецпраект пад рабочай назвай “Тутэйшыя словы”. Гэта папулярызацыя мясцовых гаворак, традыцый, унікальных элементаў беларускай мовы праз дынамічныя жартаўлівыя відэа. І спадзяюся, што будзе цікава. Бо Беларусь, яна шматгалосая. Ёсць розныя дыялекты, розныя словы. Таму лічу, што трэба гэта вывучаць.  

Васіль Ядчанка вядзе блогі ў TikTok, Youtube і Instagram. Гэта жартаўлівыя відэа на роднай мове, якія збіраюць тысячы каментароў і праглядаў.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя