Сёлета 22-га студзеня ў Польшчы будзе афіцыйна адзначацца 161-я гадавіна пачатку Студзеньскага паўстання, больш вядомага ў Беларусі, як Паўстанне Кастуся Каліноўскага ці Паўстанне 1863 года. З гэтай нагоды Клуб гістарычнай рэканструкцыі Паўстання 1863 года “Invictus 1863”, створаны беларусамі ў выгнанні, зладзіць у Беластоку дзень адчыненых дзвярэй.

З заснавальнікам клуба і гістарычным рэканструктарам Васілём Калачом пагутарылі пра тое, што чакае гасцей дня адчыненых дзвярэй і якія далейшыя планы Клуба на Падляшшы; як перасякаюцца беларускае і польскае бачанне падзей 1863 года; і, нарэшце, ці можа паўстанцкае мінулае Беларусі стаць беларускай нацыянальнай ідэяй.
РР: Што Клуб гістарычнай рэканструкцыі сёлета падрыхтаваў для нас, беларусаў, і не толькі?
Васіль Калач: Сёлета акурат на Дзень угодкаў паўстання мы робім дзень адчыненых дзвярэй. Ідэя Клубу зарадзілася прыкладна год таму як ідэя. Прыкладна праз пару месяцаў сфармавалася жаданне. А яшчэ праз некаторы час, праз паўгода, сфармаваўся ўжо намер. І намер быў увасоблены ў жыццё. Сабралася нашая ініцыятыўная суполка і стварылі Клуб гістарычнай рэканструкцыі менавіта па гэтым перыядзе Паўстання 1863 года. На мой погляд, гэта неверагодна важна для нашай культуры, для нашай гісторыі. Тым больш, што гістарычная рэаканструкцыя – гэта не проста вывучэнне па падручніках. Гэта паглыбленне ў атмасферу, спроба адрадзіць той дух, тыя думкі, тыя матывацыі, зразумець іх, перажыць іх асабіста і зрабіць з гэтага высновы.
РР: Да дня адчыненых дзвярэй Клуб падрыхтаваў доўгачаканую падзею – прыдумаў нарэшце сабе назву “Invictus 1863”. Як прыйшла такая ідэя, хто аўтар і ў чым сэнс гэтай назвы?
Васіль Калач: Ідэя назвы калектыўная. Мы ведаем з гісторыі, што ў адукаваных беларусаў тых часоў была вельмі папулярная лаціна. Шмат хто з дзеячаў паўстання называў свае аддзелы паўстанцкія на лаціне. Шмат польскіх клубаў рэканструктарскіх на сённяшні момант маюць назву на лаціне. Таму мы пашукалі варыянт, адпавядаючы і нашаму духоўнаму стану, нашаму стану свядомасці і які карылюецца з гістарычнымі падзеямі. Invictus – нескароныя. І пазначэнне году на шмат якіх штандарах паўстання, якія захавалія ў музеях, ёсць вышытыя ці аплікацыяй, ці гладдзю на штандарах вось гэтыя лічбы – 1863. Год пачатку паўстання меў значэнне і для саміх паўстанцаў, таму мы вырашылі не адыходзіць ад традыцыі і пазначыць яго ў назве.
РР: Што чакае ўсіх нас на дні адчыненых дзвярэй? На што варта зайсці паглядзець?
Васіль Калач: Варта зайсці паглядзець на нашыя паўгадавыя высілкі працы на ніве рэканструкцыі. Амаль усе сябры нашай суполкі апранутыя, большасць узброеныя. Распавядзём і пра мужчынскі строй, і пра строй шэраговага касінера, пра строй умоўна афіцэра паўстанцаў і пра строй жанчын, пра гэты неверагодна цяжкі лёс паўстання з пункту гледжання жанчыны.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя