Васіль Калач з вучнямі беластоцкай школы №4 (фота: facebook.com/stowarzyszenie.abba)
Тэатралізаваныя прадстаўленні і інтэрактыўныя лекцыі пра паўстанне Каліноўскага, гістарычнае фехтаванне – гэта няпоўны спіс планаў і мараў, якія мае рэжысёр і культурніцкі дзеяч Васіль Калач на бліжэйшы час. Чаму ў Беларусі мала папулярызуюць шляхецкую культуру? Чаму так важна распавядаць беларусам пра шляхту цяпер? І адкуль з’явілася цікавасць да шляхецкай культуры? На гэтыя ды іншыя пытанні адказаў рэжысёр і культурніцкі дзеяч Васіль Калач у гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Распавядзіце пра экскурсіі для вучняў беластоцкай школы №4?
– З экскурсіямі ўсё вельмі проста. Патэлефанавала настаўніца гэтай школы, настаўніца беларускай мовы і запытала ці магу я правесці экскурсію для дзяцей узростам 12-13 гадоў. Я скажаў, што канешне магу. Адзінае, што я не прафесійны экскурсавод, хутчэй такі экскурсавод-аматар, аніматар турызму. У мяне ўжо ёсць прапрацаваны маршрут па Беластоку Браніцкіх. Там багата звязана з беларускай культурай, нягледзячы на тое, што Браніцкі быў вялікім гетманам каронным, але ён шмат чаго зрабіў для нашай супольнай дзяржавы ў той час, у тым ліку і для Беларусі. Тым больш, што сярод уладароў Беластока да Браніцкага, было шмат нарадзінцаў менавіта беларускіх земляў. Тыя ж самыя Весялоўскія, якія былі фундатарамі шмат якіх касцёлаў, вучэльняў, кляштараў на Гарадзеншчыне і тут на Падляшшы. Таму тэма звязаная таксама і з нашай гісторыяй. Я вёў гэтую экскурсію на беларускай мове ў шляхецкім строі, з шабляй. Падаецца дзецям спадабалася, прынамсі яны збольшага былі ўважлівымі.
Экскурсія для вучняў беластоцкай школы №4 (фота: facebook.com/stowarzyszenie.abba)
РР: Вы вырашылі працягнуць з гэтай ці ўжо з іншымі школьнікамі?
– Тут насамрэч няма абмежаванняў. Я з’яўляюся ўдзельнікам клубу гістарычнай рэканструкцыі “Invictus 1863”. Гэта клуб, які рэканструюе эпоху паўстання, менавіта тыя падзеі, тыя строі. У нас ужо падрыхтавана шмат навукова-папулярных матэрыялаў для дзяцей, для моладзі, для старэйшага пакалення. Гэта ўсё можна рабіць у строях, даносіць гісторыю паўстання сучасным беларусам, якім гэтага катэгарычна не хапае.
РР: Адкуль у вас цікаўнасць да шляхты, да сармацкай культуры? З чаго ўсё пачыналася?
– Усё пачыналася яшчэ ў 1991 годзе, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Мне было адзінаццаць год, у мяне з’явіліся падручнікі па гісторыі Беларусі. У мяне з’явілася магчымасць чытаць пра нашу сапраўдную гісторыю ў бібліятэцы. Я быў вельмі чытаючым падлеткам. Яшчэ ў савецкія часы заўсёды было пытанне, у Гародні ёсць замак, дзе нашае сярэднявечча? У Лідзе ёсць замак, дзе нашае сярэднявечча? У Наваградку ёсць замак, дзе нашае сярэднявечча? Яго проста не існавала ў падачы прынамсі ў школе. Мне гэта было цікава, я зачытваўся рыцарскімі раманамі. І вось мы атрымліваем незалежнасць, хваля адраджэння. Я атрымліваю неверагоднай велічыні стос інфармацыі на гэтую тэму, я ў яе паглыбляюся. Вось так з’явілася мая цікавасць.
Далей акторская прафесія вымушае, акторская, рэжысёрская прафесія. Я спачатку вывучыўся на актора, а потым ужо засвойваў прафесію рэжысёра. Гэтыя прафесіі вымушаюць паглыбляцца ў гістарычныя працэсы, у гістарычную факталогію, каб была магчымасць адпаведна граць спектаклі звязаныя з гістарычнай тэматыкай, каб разумець пра што гэта. Так я акунуўся ў гісторыю Беларусі напоўніцу. Тым больш заўсёды паралельна з тэатрам я займаўся гістарычным фехтаваннем, мне гэта было таксама цікава. Займаючыся такімі справамі, ты вымушаны цікавіцца гісторыяй больш глыбока, чым проста штосьці пачытаць у вольны час.
Клуб гістарычнай рэканструкцыі “Invictus 1863” (фота: facebook.com/invictus1863)
РР: З чаго пачаўся клуб гістарычнай рэканструкцыі “Invictus 1863“, які дзейнічае ў Беластоку?
– Гэта тая ж самая прага да сапраўднай гісторыі і да яе адлюстравання. У Беларусі гэтая тэма пад забаронай. Зразумела, што тэма шляхты яшчэ неяк была дапушчана, бо ёсць чым ганарыцца, але тэма паўстання, што лістападаўскага, што студзеньскага – паўстання Каліноўскага, яна заўсёды была пад негалоснай забаронай ва ўсіх праўладных кабінетах, ва ўсіх аддзелах культуры выканкамаў, аддзелах адукацыі. Гэта проста было табу, пра гэта не гаварылася, яно ніколі не падтрымлівалася. Так здарылася, што яшчэ працуючы ў турызме ў Гародні, я меў шчасце працаваць у памежнай зоне. У мяне быў пропуск ад памежнага камітэту, як у гіда інструктара.
Я даследаваў месца бітвы пад Кадышом. Гэта вёска Кадыш у Гарадзенскім раёне. Там адбылася адна з пераможных бітваў паўстання. Ведаючы матэрыял апісання гэтай бітвы, я на мясцовасці мог паглядзець на свае вочы, дзе што як адбывалася. Так з’явілася ідэя зладзіць тэатралізаваны турыстычны трансгранічны маршрут. Тады гэта яшчэ было магчыма, гэта быў 2012-13 год. Аднак зразумела, што гэтая тэма проста не прайшла далей прапановы ні ў адным з выканкамаў. У той момант, будучы на гэтым месцы, бачачы гэты помнік, проста ходзячы па гэтай зямлі, дзе адбывалася гэтая бітва, я пачаў цікавіцца паўстаннем яшчэ глыбей, чым гэта было раней.
Цалкам размову слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя