BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Вельмі радасна, што ёсць магчымасць працягваць выступаць для свайго гледача”

Сенняшні Госць Рацыі — вядомы беларускі комік Максім Канавал. Гутарым з ім пра беларускіх артыстаў у Польшчы, цэнзуру і творчыя планы.

РР: Якія наогул творчыя навіны ёсць? Ведаем, што нядаўна ў Варшаве адкрылася цэлая стэндап-прастора для беларусаў і ўкраінцаў. Ці стала больш выступаў у вас, ці атрымліваецца прасоўваць творчасць праз TiK ToK. Можа ёсць нейкія амбітныя праекты?

Максім Канавал: Так, адкрыўся стэндап-клуб у Варшаве – «Stand up lokal». Таму ўсіх, хто жыве ў Варшаве, запрашаем прыходзіць, бо з аўторка па нядзелю праходзяць нейкія  падзеі на расейскай, беларускай, украінскай мовах, і я ведаю, што англамоўныя хлопцы таксама робяць свае мерапрыемствы. Таму на любы смак, на любы густ ёсць падзеі. Калі-нікалі нават па два ў дзень. Там таксама праходзяць рознага фармату імпрэзы, то бок, там ёсць нейкія стэндапы, бываюць адкрытыя мікрафоны, таму вельмі шмат падзеяў. І я вельмі рады, што такая пляцоўка з’явілася ў Варшаве, бо гэта дае комікам магчымасць часцей і выступаць са стэндапам, і рабіць нешта сваё, свае шоу.

Напрыклад, зараз я вельмі люблю і мне вельмі гарыць шоу, якое мы робім разам з маім сябрам Сашам Калінкіным. Шоу “Спатканне ўсляпую”, дзе мы запрашаем тры пары ўдзельнікаў, тры хлопцы і тры дзяўчыны, і яны з павязкай для сну сядзяць, то бок, не бачаць адзін аднаго, але мы з імі размаўляем паўгадзіны, і яны прымаюць потым рашэнне, ці будуць яны неяк камунікаваць, ці пойдуць на спатканне, калі ўжо пабачаць адзін аднаго. І мне вельмі падабаецца гэтае шоу. Мы ўжо шмат зрабілі ўжывую гэтых праграм. Зараз мы здымаем гэта на Ютуб. Гэта пакуль яшчэ нікуды не выходзіць, бо мы не можам вырашыць, дзе будзем выпускаць. Таму я запрашаю паўдзельнічаць, калі вы шукаеце пару, адносіны, альбо хочаце правесці весела час.

Плюс ёсць нейкія шоу за мяжой, па-за Польшчай. Я катаюся па розных стэндап-фестывалях, якія робяць па ўсёй Еўропе. Зараз я ў канцы красавіка палячу на Кіпр, у горад Лімасол, дзе будзе стэндап-фестываль, куды злятаюцца комікі з усёй Еўропы, і вось там нейкія мерапрыемствы таксама праходзяць. Я толькі пабываў у Валенсіі, дзе адчынілі мае знаёмыя з Украіны свой стэндап-клуб, і я там выступаў са сваім сольным канцэртам. Таму мне вельмі радасна, што адкрываюцца пастаянныя пляцоўкі, дзе можна выступаць. То бок, ёсць у Варшаве наш беларуска-украінскі стэндап-клуб, ёсць у Валенсіі, ёсць у Празе. Ёсць планы ў Амстэрдаме адкрыць. І мне вельмі радасна, што ёсць магчымасць для нас, комікаў, якія з’ехалі са сваіх краін, працягваць выступаць для свайго гледача ў Еўропе.

Як зазначае Максім, беларусам варта спажываць больш свайго кантэнту, падтрымліваць сваіх выканацаў, артыстаў, комікаў. Гэта будзе спрыяць развіццю сучаснай нацыянальнай культуры.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіву Максіма Канавала