Кажа Госця Рацыі – кіраўніца беларускага этнацэнтра “Світанак” Марына Струнеўская. Этнацэнтр прадстаўляе беларускія традыцыі і культуру ў Вільні і перадае дзецям, існуе ён за свае сродкі, бо праекты гэтага цэнтра, на жаль, не падтрымліваюцца. І каб аплаціць арэнду, канцэртмайстара і неяк выжываць, этнацэнтр “Світанак” ладзіць летнікі і зімнікі для дзетак ды іншыя платныя імпрэзы, а таксама курсы літоўскай мовы.

Паводле Марыны Струнеўскай, раней былі мецэнаты сярод бацькоў, якія падтрымлівалі іх дзейнасць, але зараз шмат сем’яў з’язджае з Літвы і становіцца ўсё цяжэй.
– Перспектыва не вельмі добрая, магчыма, ад таго, што ўсе мы тут усё-такі пяць гадоў. І я кожны раз усё думаю “апусціць рукі” ці не, і кожны раз прымушаю сябе проста валанцёрыць. Вельмі цяжка насамрэч без фінансавання. Увогуле я сама ў “Світанку” не атрымліваю заробку. Усё ідзе на тое, каб аплаціць арэнду, аплаціць канцэртамайстара.
З 16 лютага ў Літве ў школьнікаў дадатковыя зімовыя канікулы, таму “Світанак” запрашае на зімнік – зімовы лагер для дзетак. Але, як зазначае Марына Струнеўская, зараз цяжка набраць туды беларускіх дзяцей:
– Не можам набраць беларускамоўную аўдыторыю, магчыма таму, што 150 еўра ў тыдзень можа і зашмат для бацькоў, якія вымушаныя працаваць, а хтосьці і адзін выхоўвае дзяцей. Няма фінансавання, у нас ніколі не было фінансавання, ніколі не было праектаў. Гэта была мая ініцыятыва стварыць “Світанак” і развівацца. На сёння тыя дзеткі, з якімі мы пачыналі, падраслі, вельмі шмат з Літвы выязджаюць у іншыя краіны. Таму нам даводзіцца пераходзіць на расейскамоўную аўдыторыю.
Марына Струнеўская ўсё яшчэ спадзяецца, што ў зімнік у этнацэнтр “Світанак” запішуцца беларускія дзеці, бо ёй вельмі сумна, што даводзіцца пераходзіць у расейскі сегмент і выкладаць у зімніку па-расейску.
А мы нагадваем для беларускіх бацькоў Вільні, што запісаць дзяцей у зімнік можна праз сацыяльныя сеткі этнацэнтра “Світанак” ці непасрэдна праз яго кіраўніцу Марыну Струнеўскую.
Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя






