BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сінгл “Крынічанька” прэзентаваў у Вільні Homan-band

Новы сінгл “Крынічанька” ў стылі фолк-метал прэзентаваў у Вільні гурт Homan-band. Канцэрт з удзелам гэтага віленскага гурта і яшчэ двух панк-гуртоў Усё_CRAZY і KUNDLE з Польшчы адбыўся 29 лістапада ў гастрабары «Мядэйна».

Паводле вакалісткі гурта Homan-band Вольгі Барохі, у аснову іх новага сінгла пакладзена беларуская народная песня, але ў аўтарскай апрацоўцы:

Рабілі даволі доўга. Апрацоўвалі гэтую песню. У аснову пакладзена беларуская народная песня. Аўтарскі мы яе апрацавалі, гэта датычыцца як формы, так і словаў. У нас ёсць вельмі лірычныя эпізоды і такая кантрасная музыка, ёсць моцны драйв. Усё гэта можна пачуць. Такое сучаснае гучанне.

Як кажа ўдзельнік польскага гурта KUNDLE Мацек Юхневіч, яны вельмі задаволеныя, бо гэта быў іх першы канцэрт за мяжой і менавіта ў Вільні:

– Гэта супер-справа. Вельмі любім граць з беларускімі і ўкраінскімі гуртамі. Ад пачатку сваёй дзейнасці гралі мы з беларускімі гуртамі. Гэта нашыя браты і сёстры. Вельмі задаволеныя, што мы ў Вільні. Мы граем у андэграўндзе, для нас кожны такі выезд – гэта супер-справа.

А як зазначыў лідар гурта Усё_CRAZY Антон Сіроцін, у іх ужо традыцыя ладзіць лістападаўскія канцэрты і ў гэты час адзначаць дзень народзінаў удзельнікаў гуртоў, якія нарадзіліся ў гэты месяц. У Вільні падчас імпрэзы яны таксама павіншавалі адну з удзельніц канцэрта.

Беларускае Радыё Рацыя