BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вячаслаў Красулін: Гэта асобная гісторыя майго новага жыцця

Ужо амаль пяць з паловай год у эміграцыі ў Літве знаходзіцца Госць Рацыі – музыка, дудар і лідар гуртоў “Ойра” і “Кашлаты Вох” Вячка Красулін. За гэты час ён працаваў на розных працах, у тым ліку нават на рэканструкцыі арганаў у касцёлах.

Вячка Красулін
Вячка Красулін

Пра інтэграцыю ў літоўскае грамадства, працу, творчыя планы і Дзень Волі з Вячкам Красуліным паразмаўляла наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна.

РР: Распавядзіце пра сваю гісторыю ўцякацтва.

Вячаслаў Красулін: Я быў затрыманы ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года ў гандлёвым цэнтры «Рыга». І паехаў на Акрэсціна. Пасядзеў там 4 дні. Пасля гэтага зняў пабоі. На мяне завялі крымінальную справу. І таму я вырашыў, што чакаць вынікаў гэтай справы я не буду. І пераехаў у Вільню, дзе жыву ўжо амаль пяць з паловай год.

РР: Наколькі мне вядома, вы выкладалі ва ўніверсітэце культуры. А ў Літве нават працавалі на рэстаўрацыі арганаў. Распавядзіце, як вы ўладкаваліся ў Літве.

Вячаслаў Красулін: Наконт працы ў Літве – гэта ўвогуле асобная гісторыя майго новага жыцця, звязанага з пераездам. Мая першая праца, якую я знайшоў, была вельмі цікавай. Праз маіх сяброў я пазнаёміўся з вельмі ўнікальным чалавекам, якога завуць Герэнас Павільёнас, ён займаецца рэстаўрацыяй і рэканструкцыяй арганаў. У Літве некалькі такіх людзей, якія гэтым займаюцца на прафесійным роўні. Але ён на цяперашні час з’яўляецца самым аўтарытэтным і дасведчаным чалавекам, які супрацоўнічае з усім Еўразвязам у сферы рэканструкцыі і рэстаўрацыі арганаў.

І лёс мяне неяк з ім так звёў, што ў выніку я паездзіў па ўсёй Літве па працы з арганамі, і ў тым ліку далучыўся да рэстаўрацыі арганаў у Вострай Браме. З такіх вялікіх варыянтаў гэта яшчэ былі Коўна і Крэкенава, там таксама былі вялікія замовы наконт рэстаўрацыі і рамонту арганаў. І таксама ў Дамініканскім касцёле, які знаходзіцца ў Вільні, у тым самым будунку, дзе пражываў свае апошнія дні Кастусь Каліноўскі, да таго аргана я таксама крыху прыклаў рукі. Карацей, праца вельмі цікавая, звязаная са старымі складанымі інструментамі. Ну, і плюс я яшчэ павандраваў па Літве, па такіх месцах, куды я б ніколі, напэўна, не заехаў бы.

Вячка Красулін
Вячка Красулін

РР: Зараз ёсць у вас нейкая сталая праца ў Літве?

Вячаслаў Красулін: Пераважна хапаюся за ўсё што можна, бо з маёй спецыяльнасцю ў галіне фальклора і нематэрыяльнай культурнай спадчыны даволі складана без годнага ведання літоўскай мовы знайсці якую-небудзь працу па спецыяльнасці. Маю добры ровень ангельскай мовы, але гэтага тут усё ж такі не дастаткова. Бо ў асноўным усе арганізацыі, дзе можна ўладкавацца па маёй спецыяльнасці, яны ўсё ж такі дзяржаўныя, а ў дзяржаўнай установе абавязкова трэба ведаць дзяржаўную мову. Паціху я вучу літоўскую, але часам задумаваюся, колькі год мне трэба вучыць яе, каб на дасканалым роўні ёй валодаць. Я спадзяюся, гэтага жыцця мне хопіць.

РР: Яшчэ ў вас ёсць музычны гурт «Кашлаты Вох». Што гэта за назва, адкуль узятыя гэтыя словы?

Вячаслаў Красулін: Назву прыдумалі мае сябры аднакласнікі, калі мы толькі-толькі стваралі гэты гурт. Гурт, дарэчы, стварыўся раней за назву. Збіраліся мы граць беларускі фальклор на дудах і барабанах, больш так разняволена. А у 2007 годзе два мае сябры, Васіль і Стась, пачалі думаць над назвай, трэба было нешта беларускае. І першае, куды яны палезлі, гэта міфалагічная энцыклапедыя. І знайшлі цікавую істоту Вох, можна правесці паралелі з ірланскім Лепрыконам, такі свавольны персанаж, які валодае падземным скарбам і любіць пакпіць з людзей.

Наконт сучаснага стану гурта. Літаральна праз паўмесяца ў нас будзе міні-тур з гуртамі «Всё_CRAZY», «Kurwadziki» і «HOMAN-BAND». Першы канцэрт адбудзецца ў Вільні, потым у нас Варшава, Познань і Беласток.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя