1 студзеня споўнілася 165 гадоў з дня нараджэння філолага-славіста, заснавальніка беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнографа, фалькларыста, палеографа, акадэміка Пецярбургскай акадэміі навук, правадзейнага члена Інбелкульта (1922), Чэшскай акадэміі навук (1929) Яўхіма Карскага (1861-1931).

Нарадзіўся Яўхім Карскі ў праваслаўнай сям’і са збяднелай шляхты. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Ятранскай народнай школе і ў вёсцы Бярозавец на Гарадзеншчыне, сярэднюю — у Менскай духоўнай семінарыі, а потым вучыўся ў Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце імя князя Безбародкі, дзе рыхтавалі настаўнікаў для гімназій. У інстытуце напісаў сваю першую кнігу, прысвечаную гукавому ладу і марфалогіі беларускай мовы — “Обзор звуков и форм белорусской речи”.
Пасля заканчэння інстытута, Яўхім Карскі выкладаў рускую мову і літаратуру, а таксама царкоўнаславянскую мову ў 2-й Віленскай гімназіі, быў сакратаром і выбарным членам гаспадарчага камітэта гімназіі. Паспяхова здаў магістарскі экзамен, абараніў магістарскую дысертацыю “Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі”. Савет Кіеўскага ўніверсітэта прысудзіў Яўхіму Карскаму вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці за даследаванні беларускай мовы — першая ў гісторыі дысертацыя па беларускім мовазнаўстве.

З 2 студзеня 1893 года Яўхім Карскі выкладаў рускую мову ў Варшаўскім універсітэце. А ў чэрвені 1894 года быў абраны на пасаду экстраардынарнага прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, а ў 1905-1910 гадах – рэктар Варшаўскага ўніверсітэта, двойчы пераабраны на пасаду (1905, 1908).
3 1917 года жыў у Менску, быў удзельнікам беларускага нацыянальнага руху, дэлегатам і ганаровым старшынёй Першага ўсебеларускага з’езда. Яўхім Карскі займаў пасаду старшыні арганізацыйнай камісіі па адкрыцці ў Менску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, удзельнічаў у распрацоўцы статута Інбелкульта.

Вучоны з’яўляецца аўтарам артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры і культуры ў беларускім перыядычным друку. Супрацоўнічаў з беларускім фалькларыстамі і этнографамі Паўлам Шэйнам, Мікалаем Нікіфароўскім, Еўдакімам Раманавым, падтрымліваў першыя беларускія выдавецтвы, «Нашу ніву», Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Перапісваўся з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Гарэцкім, Сцяпанам Некрашэвічам, Іванам Замоціным, Яўгенам Хлябцэвічам, Міколам Шчакаціхіным.
Яўхім Карскі – аўтар больш як 700 прац па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы, у тым ліку даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекгалогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры і іншых.

Адна з найбольш значных прац Яўхіма Карскага – гэта “Беларусы” – вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, фактычна энцыклапедыя беларусазнаўства. На аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гістарычнага абагульнення фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа, які стварыў сваю багатую і арыгінальную культуру, мае старажытныя традыцыі.

У віленскай газеце “Крыніца” ад 7 верасня 1919 года пісалася: “2 верасня ў беларускай гімназіі прафесар Карскі прачытаў лекцыю аб беларускай мове. Лекцыю закончыў вывадамі, што мова наша — не гутарка якая, але мова, так як і ўсе іншыя, што дзеля гэтага яна мае зусім роўнае права між суседнімі й далёкімі мовамі”.

Беларускае Радыё Рацыя






