Беларуская зямля з яе блакітнымі азёрамі, паплавамі, сівымі павуціннымі барамі і палямі натхніла не аднаго вялікага майстра жывапісу на стварэнне сапраўдных шэдэўраў. Сярод іх асабліва вылучаецца мастак Фердынанд Рушчыц (1870-1936), з імем якога звязана цэлая эпоха ў развіцці беларускага пейзажа. 10 снежня яму спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння.

Сын шляхціца Фернынанд Рушчыц нарадзіўся ў маёнтку Багданава Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Валожынскі раён Менскай вобласці) у шляхецкай сям’і. У 1883 годзе ён быў прыняты ў Менскую класічную гімназію, адначасова браў урокі жывапісу ў мастака Канстанціна Ермакова, выхаванца Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Пасля заканчэння вучобы Фердынанд Рушчыц паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, праз год стаў вольным слухачом Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, потым студэнтам-акадэмістам. Вучыўся ў майстэрні Івана Шышкіна, а з 1895 года яго педагогам быў Архіп Куінджы. У 1897 годзе Фердынанд Рушчыц прадставіў на выстаўцы дыпломных работ тры карціны – «Вячэрняя зорка», «Трытоны» і «Вясна». Апошнюю набыў вядомы калекцыянер Траццякоў.

Пасля заканчэння акадэміі вярнуўся ў Багданава. Там была створана большасць яго работ. Сярод іх – вядомыя палотны «Зямля»» і «Млын» (1898), «Каля касцёла» (1899), «Дажынкі», «Вечар – Вілейка» і «З берагоў Вілейкі» (1900), «Пустка. Старое гняздо», «У свет» і «Восень» (1901), «Эмігранты» і «Мінулае» (1902), «Былое» і «Стары дом» (1903), «Зімовая казка» (1904) і іншыя. Творам мастака ўласцівы вострая індывідуальнасць, выразны малюнак, ёмістая кампазіцыйнасць, умелае спалучэнне каларыстычнага і танальнага жывапісу. Адным з першых беларускіх жывапісцаў Фердынанд Рушчыц змог у сваіх палотнах не толькі адлюстраваць хараство роднай прыроды, але і раскрыць праз яе сацыяльнае жыццё. Ён актыўна ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках. У 1899 годзе мастак упершыню прадставіў некалькі сваіх работ у Вільні, потым у Варшаве. У гэтым жа годзе (і ў 1911 годзе) карціны Рушчыца дэманстраваліся ў Санкт-Пецярбургу на выстаўцы аб’яднання «Свет мастацтва». У 1902 годзе яго палатно «Лясны ручай» (1898–1900) было адзначана ўзнагародай Акадэміі ведаў у Кракаве.

У 1903–1904 гадах Фердынанд Рушчыц жыў у мястэчку Влохі пад Варшавай. Разам з мясцовымі мастакамі прымаў актыўны ўдзел у адраджэнні Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, куды ў 1904 годзе быў прызначаны прафесарам (працаваў да 1907 года). Потым выкладаў жывапіс у Кракаўскай акадэміі мастацтваў. З 1908 па 1917 гады мастак жыў у Багданаве. Пісаў інтэр’еры сваёй сядзібы, натурныя эцюды жывапісных наваколляў. Сярод іх – «Мастак», «Бледнае сонца», «У пакоях», «Зіма», «Залаты пакой» і іншыя. Для гэтых твораў характэрна тонкае адчуванне аб’ёму, лаканізм і прастата кампазіцыі.
З 1919 па 1932 гады Фердынанд Рушчыц знаходзіўся ў Вільні. Ён выкладаў на аддзяленні прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці горада, займаўся грамадскай дзейнасцю, афармляў дэкарацыі да спектакляў у тэатры Младзяёўскай-Шчуркевіч, ілюстраваў часопісы і кнігі, рабіў эскізы медалёў, штандартаў, афіш. У 1921 годзе ён стаў арганізатарам першай афіцыйнай выстаўкі польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы. У сувязі з гэтым быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна. У 1920-1930-х гадах Фердынанд Рушчыц з’яўляўся старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці. Ён здзейсніў шэраг вандровак па Беларусі: наведаў Крэва, Мір, Ліду, Гародню і іншыя мясціны. Збіраў гістарычныя звесткі пра беларускія замкі, рабіў замалёўкі, эцюды. У 1932 годзе польскі ўрад скасаваў дзейнасць камісіі, і мастак пакінуў Вільню.

Апошнія гады жыцця Фердынанд Рушчыц правёў у сваім маёнтку. Ён працягваў займацца творчасцю, працаваў над манументальным роспісам інтэр’ера касцёла ў вёсцы Вішнева. Пасля інсульту страціў магчымасць пісаць правай рукой. Левай зрабіў шмат гравюр, часопісных ілюстрацый, алоўкавых замалёвак («Сям’я мастака», «Дрэвы над вадой», «Аўтапартрэт»). Да гэтага часу адносіцца і цудоўны пейзаж «Старыя яблыні» (1935) – апошняя карціна мастака.
Памёр Фердынанд Рушчыц 30 кастрычніка 1936 годзе ў доме, дзе нарадзіўся, і быў пахаваны на могілках у Багданаве.

Большая частка палотнаў мастака захоўваецца ў музеях Варшавы, Кракава, Вільнюса і Львова. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь знаходзіцца адна яго карціна «Каля касцёла».
Жыццё Фердынанда Рушчыца і шматгранная дзейнасць у Беларусі сталі больш актыўна і паслядоўна папулярызавацца на пачатку 2000-х гадах. У 2002 годзе быў перакладзены з польскай на беларускую мову яго «Дзённік: да Вільні, 1894–1904». У жніўні 2000-га годзе, у сувязі з 130-годдзем з дня нараджэння жывапісца, у Багданаве, Вішневе, Гальшанах, Крэве, Барунах і Трабах адбыўся Першы Міжнародны пленэр, вынікам якога стала выстаўка «Зямля і неба Фердынанда Рушчыца». У 2020 годзе імя мастака ўключана ў спіс памятных дат ЮНЕСКА. У Багданаве і Менску ў гонар Фердынанда Рушчыца названы вуліцы і ўстаноўлены марыяльныя дошкі.


Беларускае Радыё Рацыя






