Значную ролю ў развіцці беларускай мовы, літаратуры і культуры Беларусі канца XIX – пачатку XX стагоддзя адыграў выдатны прадстаўнік беларускай інтэлігенцыі, грамадскі дзеяч, вучоны-філолаг Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла (1859-1934), якому 4 верасня спаўняецца 165 гадоў з дня нараджэння.
Браніслаў Эпімах-Шыпіла нарадзіўся ў фальварку Будзькаўшчына, што на Лепельшчыне (сёння вёска ў Полацкім раёне) у сям’і дробнага шляхціца. Дзяцінства будучага вучонага прайшло на Полаччыне, у фальварку Залессе. Пасля заканчэння Рыжскай Аляксандраўскай гімназіі з залатым медалём у 1880 годзе Браніслаў паступіў на аддзяленне класічных моў гісторыка-філалагічнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта. За час вучобы авалодаў больш чым 20 класічнымі і новымі еўрапейскімі мовамі і ў 1887 годзе абараніў дысертацыю на званне кандыдата гісторыка-філалагічных навук. Доўгі час Браніслаў Эпімах-Шыпіла сумяшчаў працу ў бібліятэцы Пецярбургскага ўніверсітэта з выкладаннем грэчаскай і лацінскай моў у шэрагу свецкіх і рымска-каталіцкіх навучальных устаноў Пецярбурга. Браніслаў Ігнатавіч арганізаваў і ўзначаліў Беларускі навуковы літаратурны гурток студэнтаў універсітэта, дзейнасць якога ён накіроўваў на вывучэнне гісторыі, мовы, этнаграфіі, культуры і народнай гаспадаркі Беларусі. Асабісты і навуковы інтарэс беларускага вучонага раскрыўся ў зборы матэрыялаў па гісторыі, этнаграфіі і фальклору Бацькаўшчыны, а таксама помнікаў літаратуры.
На працягу 1889–1931 гадоў Браніслаў Ігнатавіч складаў “Беларускую хрэстаматыю”, у якой сабраны літаратурныя творы Янкі Лучыны, Альберта Паўловіча, Уладзіслава Сыракомлі, Цёткі і іншых. Дзякуючы яго карпатлівай працы захаваліся тэксты камедыі “Залёты” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, вершаў Фелікса Тапчэўскага, некалькіх ананімных твораў. Матэрыялы хрэстаматыі выкарыстаны ў працы Яўхіма Карскага “Беларусы” і іншых публікацыях. У архіве вучонага доўгі час зберагаўся рукапіс зборніка Францішка Багушэвіча “Скрыпка беларуская”.
Браніслаў Эпімах-Шыпіла стаў ініцыятарам стварэння і адным з кіраўнікоў выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца” (1906). За гады свайго існавання выдавецтва выдала 38 кніг. Гэта зборнікі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Цёткі, Якуба Коласа, Янкі Купалы і іншых аўтараў, буквары, календары, паштоўкі. Выходзіў таксама альманах-часопіс “Маладая Беларусь”. Браніслаў Ігнатавіч падтрымліваў навуковыя і творчыя сувязі з Францішкам Багушэвічам, Мітрафанам Доўнар-Запольскім, Аляксандрам Ельскім, Яўхімам Карскім, Еўдакімам Раманавым, Антонам Грыневічам, Цёткай, рэдакцыяй газеты “Наша Ніва”, перапісваўся з Аляксеем Сапуновым, Максімам Багдановічам. Ён адыграў выключную ролю ў жыцці і творчым станаўленні Янкі Купалы, які ў 1909–1913 гадах жыў у яго кватэры ў Пецярбургу. Браніслаў Эпімах-Шыпіла падтрымліваў маладога паэта матэрыяльна і духоўна. Вучоны адрэдагаваў і падрыхтаваў да друку першы зборнік Янкі Купалы “Жалейка” (1908). Ён захаваў у сваім архіве многія ненадрукаваныя творы паэта пецярбургскага перыяду. Янка Купала прысвяціў свайму апекуну і настаўніку вершы “Прафесару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам”, “Прафесару п. Б. Эпімах-Шыпілу” (1910) і вольны пераклад індыйскай легенды “Паляўнічы і пара галубкоў” (1912).
Добрае веданне гісторыі, культуры, асаблівасцей дыялектаў беларускай мовы стала падставай для запрашэння Браніслава Ігнатавіча ў Менск, у Інстытут беларускай культуры, дзе ён працаваў з 1925 года. У 1927 годзе вучоны ўзначаліў камісію па складанні слоўніка жывой беларускай мовы. Пад яго рэдакцыяй выйшлі “Віцебскі краёвы слоўнік” Міколы Каспяровіча (1927) і “Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны” Мікалая Шатэрніка (1929).
Браніслаў Эпімах-Шыпіла з’яўляецца аўтарам рэцэнзіі на зборнік Аляксандра Сержпутоўскага “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета” (1928). У 1929 годзе Браніслаў Ігнатавіч перадаў сваю асабістую бібліятэку (5 тыс. тамоў) маладой Беларускай Акадэміі Навук.
Апошнія гады жыцця Браніслаў Эпімах-Шыпіла пражыў у Пецярбургу, горадзе сваёй маладосці, дзе і памёр 6 чэрвеня 1934 года. Дзякуючы яго самаадданай працы, нашчадкі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з літаратурнай спадчынай многіх выдатных беларускіх пісьменнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя