Сярод прадстаўнікоў старажытнага шляхецкага роду Ходзькаў вылучаецца постаць Аляксандра Ходзькі (1804-1891) – вядомага ўсходазнаўца і славіста, таленавітага паэта і публіцыста, якому 30 жніўня спаўняецца 220 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Аляксандр Ходзька ў родавым маёнтку Крывічы Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак у Мядзельскім раёне Менскай вобласці) у сям’і пісьменніка і грамадскага дзеяча ХІХ ст. Яна Ходзькі. Аляксандр атрымаў добрую хатнюю адукацыю, ведаў некалькі замежных моў. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі паступіў на аддзяленне літаратуры і вольных навук Віленскага ўніверсітэта (1820).
У гады вучобы Аляксандр Ходзька зацікавіўся арыенталістыкай, пачаў пісаць вершы, якія друкаваў у віленскіх выданнях. Сябраваў з Тамашом Занам, Янам Чачотам, Адамам Міцкевічам, уваходзіў у студэнцкае таварыства філаматаў. Некаторы час у сувязі з гэтым правёў у зняволенні, аднак пасля апраўдання скончыў навучанне са ступенню кандыдата філасофіі (1825). Наступныя некалькі гадоў Аляксандр Ходзька прысвяціў вывучэнню персідскай і арабскай моў пры Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў Расейскай імперыі ў Санкт-Пецярбургу. У 1829 годзе на польскай мове выйшаў зборнік «Паэзія», куды ўвайшлі заснаваныя на беларускіх фальклорных матэрыялах яго вершы, балады і элегіі («Маліны», «Васілёк», «Зух», «Алеся», «Паніч і дзяўчына», «Вясенняя ноч у Літве», «Старац» і інш.), напісаная паводле ўсходніх матываў паэма «Дэрар», пераклады з новагрэчаскай паэзіі. Кніга была станоўча ўспрынята сучаснікамі.

У 1830 годзе Аляксандра Ходзьку залічылі ў склад расейскай дыпламатычнай місіі ў Персіі (цяпер Іран). Па дарозе да месца службы ён вёў шматлікія занатоўкі, якія ў 1830–1831 гадах у выглядзе падарожных нарысаў былі апублікаваны ў перыядычных выданнях Санкт-Пецярбурга. У Персіі выконваў абавязкі перакладчыка і сакратара генеральнага консула ў г. Тэбрызе, консула ў г. Рэшце. У час службы наведваў самыя аддаленыя мясціны, збіраў этнаграфічныя і фальклорныя матэрыялы, адным з першых заняўся вывучэннем іранскай групы моў (талышскай, гілянскай, мазандаранскай, курдскай).
У 1842 годзе Аляксандр Ходзька выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Парыжы. Некаторы час разам з Адамам Міцкевічам выдаваў інтэрнацыянальную газету «Трыбуна народаў», як спецыяліст-усходазнавец працаваў у Міністэрстве замежных спраў Францыі, па даручэнні шаха Ірана курыраваў навучанне іранскіх студэнтаў у Парыжы. У гэты ж перыяд заняўся апрацоўкай і публікацыяй матэрыялаў, сабраных у час дыпламатычнай службы. Надрукаваў пераважна на французскай і англійскай мовах шэраг артыкулаў, у якіх асвятлялася самабытная культура Персіі і прылеглых да яе краін, ажыццявіў пераклады туркменскіх, азербайджанскіх, персідскіх твораў літаратуры, выдаў кнігі «Узоры народнай паэзіі Персіі» (1842), «Персідская граматыка» (1852), «Падручнік турэцкай мовы» (1854), «Персідскі тэатр» (1878). Усходазнаўчыя працы Аляксандра Ходзькі, як першапраходца па зборы фальклору прыкаспійскіх народаў, атрымалі прызнанне і высокую ацэнку ў яго сучаснікаў і наступных пакаленняў даследчыкаў.

У 1857–1883 гадах Аляксандр Ходзька чытаў курс лекцый і ўзначальваў кафедру славянскіх моў і літаратур у парыжскай вышэйшай школе Калеж дэ Франс. Выдаў некалькі прац у галіне славістыкі: «Славянскія легенды сярэдневякоўя» (1859), «Літаратурны рэнесанс у Багеміі: сучасныя паэты» (1861), «Стараславянская граматыка» (1869), «Гістарычныя песні Украіны і песні латышоў з берагоў Заходняй Дзвіны» (1879), падрыхтаваў польска англійскі і англійска польскі слоўнікі (1874). Удзельнічаў у культурным жыцці эміграцыі, вёў перапіску з Адамам Кіркорам, Тышкевічамі, запісаў успаміны Адама Міцкевіча.
Памёр Аляксандр Ходзька 27 снежня 1891 года, пахаваны на могілках Манмарансі (Францыя).
Беларускае Радыё Рацыя






