Традыцыйныя беларускія спевы і танцы пад дуду, вывучэнне беларускага музычнага фальклору. Гэтым займаецца сямейная пара Вольгі і Яўгена Барышнікавых. Яны зараз знаходзяцца ў Польшчы, але ездзяць з выступамі па тых краінах, дзе жывуць беларусы. Нядаўна сямейная пара была на “Ночы музеяў” у Вільні, бліжэйшым часам збіраюцца на Беласточчыну ды ў іншыя мясціны.

Сённяшняя госця Радыё Рацыя – Вольга Барышнікава – распавяла пра творчасць, старадаўнія музычныя інструменты, запіс фальклору і запатрабаванасць таго, што яны робяць, нашай карэспандэнтцы Таццяне Смоткінай.

РР: Я ведаю, што вы родам з Германавічаў Шаркоўшчынскага раёна, я сама з Глыбокага. Калісьці ў Глыбокім праходзіў дударскі фэст, ваш муж таксама ўдзельнічаў у ім. У Глыбоцкім раёне дуда была папулярная дзякуючы тэатру Буйніцкага. Наколькі папулярная дуда была ў тыя часы ў вашым рэгіёне і ў мясцовасці, дзе нарадзіўся ваш муж?
Вольга Барышнікава: Гэта пытанне досыць абшырнае, але калі казаць коратка, то мне падаецца, што калі мы даследуем і размаўляем пра з’яву, якая бытавала, напрыклад, у дзевятнаццатым стагоддзе і пачатку дваццатага стагоддзя, таму мусім разважаць тымі катэгорыямі і крытэрыямі, якія былі на той час. На той час не існавала Глыбоцкага раёна і адпаведна мы не можам казаць, што Глыбоччына – гэта цэнтр дударства. Дзісненшчына, і яшчэ шырэй Віленшчына, безумоўна, гэта дударскі край. Дзіснешчына – вядомы дударскі край, аднак не толькі Дзісненшчына. Мы ў прынцыпе можам казаць пра тэрыторыю Падзвіння беларускага. І ў нас ёсць звесткі і пра дудароў з Полацкага, Гарадоцкага, Барысаўскага раёнаў.
Напэўна, я больш не буду браць на сябе адказнасць і штосьці казаць пра дуду, таму што ўсё ж такі мой муж Яўген Барышнікаў з’яўляецца даследчыкам беларускага дударства.
РР: Пагаворым пра спевы. Вы спяваеце песні са свайго краю, якія запісалі ў экспедыцыі, ці штосьці іншае?
Вольга Барышнікава: Мне найперш, канешне, цікава спяваць песні з маёй радзімы, таму што гэта найперш мне трэба. Безумоўна, я спрабую прапагандаваць традыцыйную культуру, асабліва Заходняга Падзвіння, адкуль я родам. І, канешне, я заўсёды спяваю тое, што я сама запісала ў экспедыцыі, і таксама карыстаюся здабыткамі людзей, якія гэта рабілі да мяне. Таму што не сакрэт, што запісаць, напрыклад, людзей у 2010 гадах і запісаць людзей у 1980-ых гадах – дзве вялікія розніцы. Напрыканцы дваццатага стагоддзя было значна больш людзей у вёсках, якія жылі і спявалі. Напрыклад, у 1980-ых гадах можна было запісаць яшчэ людзей 1920-ых, каторым было ўсяго 60 год. Па назіраннях беларускага этнамузыколага Зінаіды Мажэйкі, чалавек якраз да гэтага ўзросту становіцца такім харошым спеваком, расквітнеў нарэшце.
Адна праблема была ў тым, што не было добрай апаратуры, каб запісваць, і не было магчымасці запісваць песні да канца, напрыклад, бо эканомілі плёнку ці яшчэ штосьці. Сёння ў нас ёсць магчымасці, у кожнага чалавека ёсць дыктафон, але ўжо амаль няма людзей, ад каторых запісваць. І таму, безумоўна, я карыстаюся не толькі ўласнымі запісамі, але і архіўнымі запісамі папярэднікаў. І для мяне вельмі важна заўсёды ўказваць, хто запісаў гэтую песню, ад каго запісаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:



Беларускае Радыё Рацыя






