BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вольга Каралёнак: Беларуская традыцыя – гэта генетычны код кожнага беларуса

Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве працягвае знаёміць дзяцей і іх бацькоў з беларускімі традыцыямі. Акурат напярэдадні Грамніц, 13 лютага з 17-й да 19-й па вул. ul. Oleandrów 6-2 пройдзе другая сустрэча, прысвечаная Грамніцам (Стрэчанню) — старажытнаму святу сустрэчы Зімы і Лета, звязанаму з агнём і свечкамі.

Сённяшняя «Госця Рацыі» – вядоўца сустрэчы, акторка і папулярызатарка беларускай традыцыі Вольга Каралёнак – распавядзе нам пра гісторыю гэтага свята, пра значэнне традыцый, звязаных з агнём і свечкамі, а таксама пра тое, чаму беларусам так важна падтрымліваць і нанава аднаўляць такія абрады ў сучасным свеце, асабліва ў выгнанні.

РР: У Цэнтры беларускай салідарнасці маем ад вас такі вельмі цікавы занятак па гісторыі, даследаваннях і вырабе грамнічнай свечкі, якая вельмі распаўсюджана ў Беларусі.

Вольга Каралёнак: Гэта сапраўды вельмі цікавы праект. Мне прапанавалі яго стварыць. Я, як выкладала дзецям, бачыла пэўны запыт на занятках па беларускай мове. Немагчыма расказаць пра ўсю нашу культуру і традыцыі, а хочацца. Таму нарадзілася такая ідэя зрабіць штотыднёвыя заняткі-сустрэчы, так бы мовіць майстар-класы. Назвалі мы іх «Традыцыя і творчасць». І вось кожны тыдзень я выбіраю нейкую тэму, якая звязана з каляндарна-абрадавым цыклам, з нашай культурай, і мы паядноўваем і расказ на гэтую тэму, і выраб сваімі рукамі. Гэтыя заняткі ў нас сямейнага тыпу. Прыходзяць цэлымі сем’ямі да нас. Слухаюць разам, разам вырабляюць. Я вельмі цешуся з таго, як назіраю за гэтымі сем’ямі, дзе старэйшыя з малодшымі штосьці робяць. Выбралі зараз гэтую тэму, так мала зараз пра яе чуваць. Я вырашыла пазнаёміць яшчэ раз людзей з гэтай тэмай.

РР: 2 лютага Грамніцы ў каталікоў і 15 – у праваслаўных вернікаў.  Наколькі ёсць запатрабаванасць у беларусаў-вернікаў і ці людзі сапраўды спраўляюць Грамніцы?

Вольга Каралёнак: Мне здаецца, не. Ну можа мой асяродак такі, што мала пра гэта хто ведае, чуе. Я таму пачала гэтым цікавіцца і чытаць, што гэта такое. Так, традыцыя ёсць хрысціянская – 2-га і 15-га лютага.  Я стала гэтым цікавіцца, менавіта як традыцыяй паганскай, дахрысціянскай. Нездарма ж Грамніцы, Грымотнік – гэта адна з назваў Перуна. Ну і Стрэчанне – сустрэча. Зіма з летам сустрэліся, у песні спяваецца. Калі браць хрысціянскую традыцыю, то там будзе сустрэча маленькага Ісуса, якога першы раз прынеслі ў святыню, і вось такім чынам ён сустрэўся з людзьмі, шэсць тыдняў прайшло пасля нараджэння яго. А старажытнейшая традыцыя – гэта сустрэча зімы з летам.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва Вольгі Каралёнак