BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вольга Шніп: “Мастацтва здольнае вылечваць”

“Гісторыя беларускіх рэчаў” – рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: мастакамі, дызайнерамі, рамеснікамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.

Сёння госцяй праекту стала мастачка Вольга Шніп.

Я ўвесь час малюю людзей, якімі я іх бачу.  А яны, вядома, выглядаюць вельмі спецыфічна. Але ў гэтай геаметрыі я адлюстроўваю значна больш, чым проста візуальную прыгажосць. Некаторых герояў я надзяляю сілай выходзіць са сваіх прамых формаў. І гэта рэальныя гісторыі. Гісторыі аб сіле духоўнага складніку.

Асноўным трыгерам у маляванні стала маё псіхасаматычнае здароўе. Калі рэзка дало аб сабе ведаць у стадыі немагчымасці размаўляць, глядзець фільмы, слухаць кнігі і проста выконваць звычайныя дзеянні. Трывожнае засмучэнне не давала кантраляваць цялесную трэмаляцыю і хваравіты струмень думак у мозгу. І адзінае, што я магла рабіць на той момант – гэта маляваць. І я малявала вельмі шмат. Дзіўна, як мастацтва ў розных яго формах здольнае вылечваць.

Гэта была вясна 2021 года.

І тады яшчэ я памятаю, што на Дзень нараджэння мая хросная дочка падарыла мне маркеры і альбом для скетчаў. Такі падарунак быў, як ніколі, дарэчным.

Як змяніліся мае адносіны да малявання ў эміграцыі? Напэўна, я пачала яшчэ больш адкрываць для сябе розныя формы выяўленчага мастацтва і захапляцца ўяўленнем творцаў.

Насамрэч, я люблю ўсе свае працы. Многія з іх засталіся ў Беларусі ў бацькоў, былі падораныя сябрам, а частка прададзеная і “жыве” цяпер у Еўропе і Амерыцы. Але для мяне знакавай застаецца карціна “Выхад” – яна стала загалоўнай у маёй першай сольнай перфарматыўнай выставе ў арт-прасторы “Вершы” ў Менску. Яна перадае думкі, пачуцці і фарбы трагічнага часу для ўсіх нас. Бо тады, як ніколі, мы шукалі выратавання для сэрца.

Цяпер для мяне маляванне – гэта раскоша. Даводзіцца неяк вар’іраваць паміж часам і прыбыткамі, а выяўленчае мастацтва – гэта дорага.  Але дам лайфхак мастакам з Еўропы, якія хочуць маляваць, але няма чым і на чым. Часта побач са смеццевымі аддзеламі ў дварах людзі выстаўляюць вельмі нядрэнныя рэчы. Там можна знайсці і палотны, і рамкі. І гэтым рэчам можна падарыць новае яркае жыццё без шкоды для навакольнага асяроддзя.


Цяпер, калі я адчуваю парыў да фарбаў і яго немагчыма стрымліваць, я бяру палатно і рука сама мяне вядзе. І звычайна толькі пасля таго, як я завяршаю працу, то магу прааналізаваць, што ж на палатне. Гэта звычайна пра несвядомае і падсвядомае.

Беларускае Радыё Рацыя