BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вольныя Купалаўцы рыхтуюцца адзначыць Тыдзень Тэатра

Вольныя Купалаўцы рыхтуюцца адзначыць Тыдзень Тэатра, які пройдзе з 26 да 30 сакавіка. За гэты час госці ўбачаць пастаноўкі Moj Hleb, Гусі-людзі-лебедзі, Экстрэмісты і Зэкамерон. Пра імпрэзы і цяперашняе жыццё Вольных Купалаўцаў Госць Рацыі – акцёр Сяргей Чуб – распавёў нашаму радыё.

РР: Вы робіце Тыдзень Купалаўцаў? Чаму?

Дакладней гэта не Тыдзень Купалаўцаў. Пачыналася ўсё з таго, што 27 сакавіка — Міжнародны дзень тэатра. Таму пытанне было на паверхні: мы нешта робім на 27-га ці не? Вядома, робім! Усе з гэтым пагадзіліся. А потым у нейкі момант мне проста прыйшла ў галаву думка: чаму Міжнародны дзень тэатра трэба адзначаць толькі адзін дзень? Чаму не два, не тры?.. Ну і далей. Наступны ровень — мы абмеркавалі і вырашылі, што гэта будзе амаль тыдзень.

Так як мы стартавалі самі, амаль не маючы грошай на рахунках, вырашылі, што зробім гэта так ці інакш, бо гатовыя былі працаваць проста за ідэю. Але, шчыра кажучы, у нас была пэўная сума, бо існуе такая праграма ў Польшчы — 1,5% ад падаткаў. І дзякуючы беларусам, якія летась адгукнуліся на гэты запыт і пераказалі нам свае падаткі… Лічбы называць не буду, але з шасці патрэбных дзён арэнды пляцоўкі з дапамогай беларусаў удалося закрыць амаль пяць дзён.

Мы разумелі, што далей можна рухацца — хаця б арэнда ў нас ужо была пакрыта за кошт гэтых падаткаў. Астатняе само пацягнулася: шукалі фінансаванне, і нават зараз вядзём перамовы. Нягледзячы на тое, што ўсё ўжо распланавана і дакладна адбудзецца, мы ўсё ж спадзяемся, што нас падтрымаюць. І ёсць ужо добрыя знакі з Міністэрства культуры Польшчы і з Бюро культуры Варшавы — пакуль што вядзём перамовы. Як толькі ўсё складзецца, абавязкова раскажам пра гэта ў усіх сацсетках.

РР: Дарэчы, пра знакі! У тым ліку на гэтым тыдні вы пакажаце ўжо нашумелую пастаноўку па матывах Максіма Знака — «Зэкамерон». Што яшчэ будзе?

Пачнём мы даволі моцным эмацыйным спектаклем Зоі Белахвосцік у рэжысуры Аляксандра Гарцуева. Гэта монаспектакль «Мой хлеб». Камусьці, магчыма, адразу здасца: «Ой, монаспектакль — можа, нецікава…» Не! Гэта не звычайны монаспектакль, гэта не проста аповед пра Зою Белахвосцік, гэта ўвогуле аповед пра ўсю тэатральную дынастыю, пра сям’ю. Як наогул ствараўся Купалаўскі тэатр, што за гэтым стаяла, усе закулісныя гісторыі — бо там працавалі і дзед, і бацька Зоі.

Будзе і гісторыя Зоі, і гісторыя яе сям’і, і гісторыя саміх Купалаўцаў, уключаючы 2020 год. Таму гэта вельмі вялікая, вельмі эмацыйная, вельмі разнастайная гісторыя. Я вельмі раю на яе схадзіць.

Што датычыцца спектакля «Людзі-гусі-лебедзі», то гэта вельмі маштабная пастаноўка. Мы ставілі перад сабой пытанне: як усё сабраць, кошты? У нас нават не было магчымасці, дзе захоўваць дэкарацыі! Але мы іх захоўвалі… чамусьці ў Любліне.

І вось думалі, што рабіць… А раптам з Любліна прыйшла прапанова, і тут хачу выказаць падзяку Цэнтру культуры ў Любліне і Люблін — Еўрапейская сталіца культуры 2029 года. Яны сказалі: «Мы вам, Купалаўцы, дапаможам! Што трэба прывезці — прывязём. Грайце, калі ласка!»

Таму дзякуючы добрым людзям і добрым арганізацыям нам удаецца рухацца далей.

А далей ужо будуць «Гусі-людзі-лебедзі». Вельмі моцны, вельмі вялікі, вельмі адказны спектакль. У ім занята 11 нашых Купалаўцаў. Мы вельмі хвалюемся, бо даўно яго не гралі.

Увогуле, у Варшаве мы яго, здаецца, паказалі толькі два разы. Сёння яшчэ два тыдні да спектакля, а ўжо засталося ўсяго два апошнія квіткі! Іх імгненна разабралі. Таму «Гусей» мы пакажам двойчы — бо ёсць запыт.

Далей будзе спектакль «Экстрэмісты» — даволі свежая пастаноўка Аляксандра Гарцуева.

І завяршым усю гэтую справу «Зэкамеронам» — такім моцным, правераным спектаклем, які зробіць прыгожы фінал.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

З акцёрам Вольных Купалаўцаў Сяргеем Чубам гутарыла Марына Савіцкая.

Ківткі тут: https://fienta.com/pl/o/24411

Беларускае Радыё Рацыя