BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вольскі абвясціў краўдфандынг на вінілавае перавыданне «Psychasamatyka»

Лявон Вольскі абвясціў аб старце краўдфандынгавай кампаніі па перавыданні на вініле альбома «Псіхасаматыка» («Psychasamatyka»). Праект, якому налета спаўняецца дзесяць гадоў, мае асаблівае значэнне, бо яго стварэнне супала з хваробай і смерцю жонкі і прадзюсара — Ганны Вольскай.

Альбом «Psychasamatyka» — другі твор, створаны Вольскім пры ўдзеле нарвежскага прадусара Снорэ Бэргеруда. Канцэпцыя альбома падзелена на дзве кантрасныя часткі («акустычную» і «рокавую»).

Лявон Вольскі ўзгадвае пачатак запісу:

«Праца пачалася ўвосень 2015-га. …Мы з Ганнай прыехалі ў Вільню на студыю Снорэ, ён паслухаў [дэма] і адразу пачаў працаваць».

«Над рэштай «рокавае» часткі я працаваў у Швайцарыі. На той час было ясна, што Ганна хворая, хутчэй за ўсё, на анкалёгію, але яна наадрэз адмаўлялася зьвяртацца да дзяржаўнае мэдыцыны, а ў нетрадыцыйным цэнтры ёй ня ставілі ніякага дыягназу, адно прызначылі нетрадыцыйнае лекаваньне».

Налета альбому «Псіхасаматыка» споўніцца дзесяць гадоў. Для яго перавыдання Снорэ Бэргеруд зрабіў рэміксінг і рэмастэрынг матэрыялу.

«Мы хочам вярнуць яго да слухачоў у новым — вінілавым — гучаньні. Ня проста як музычны рэліз, але як справа памяці, любові і падтрымкі адно аднаго», — звяртаецца да слухачоў з заклікам падтрымаць краўдфандынг, каб перавыдаць гэты надзвычай важны і асабісты твор, музыка.

Ганна Вольская (нарадзілася 11 чэрвеня 1975 года) была неад’емнай часткай беларускай музычнай сцэны: яна працавала ў рэкламным аддзеле «Радыё 101.2», была дырэктарам гурта N.R.M. і нязменным прадзюсарам «Крамбамбулі» і сольных праектаў Лявона Вольскага. Яна памерла 23 сакавіка 2016 года ад анкалагічнага захворвання ва ўзросце 40 гадоў.

Падтрымаць перавыданне альбому можна тут.