Жаночае выдавецтва «Пфляўмбаўм» плануе выхад новага зборніка вершаў вытанчанай беларускай паэткі Наталлі Кучмель.

Наталля Кучмель. Фота Алены Казловай
Як адзначаюць у «Пфляўмбаўм», знаўцы сучаснай беларускай паэзіі вельмі чакаюць новую кнігу гэтай аўтаркі, яны перакананы, што гэта мае быць «неверагодна прыгожы зборнік».
Наталля Кучмель нарадзілася 4 ліпеня 1964 года ў Менску. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Працавала карэктарам, стыль-рэдактарам, перакладчыкам у навуковых выдавецтвах і перыядычных выданнях.
Друкавалася ў супольным паэтычным зборніку «Літаратурны квартал» (2003), часопісах «Першацвет», «Маладосць», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і іншых. У 2005 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла дэбютная кніга паэзіі «Імгненні». Кнігу можна спампаваць на сайце інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат», нагадвае bellit.info.