Радыё Свабода штогод прысуджае сімвалічную ўзнагароду «Людзі Свабоды» тым, хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, свету, паведамляе svaboda.org.

Масавыя рэпрэсіі, якія пачаліся пасля жніўня 2020 году ў Беларусі, закранулі не толькі палітыкаў, грамадскіх актывістаў і ўдзельнікаў пратэстаў у самых розных іх формах. Пад пераслед трапілі і дзеячы беларускай нацыянальнай культуры, у тым ліку паэты, пісьменнікі і выдаўцы. Праз ціск з боку ўладаў і арышты супрацоўнікаў у Беларусі закрываліся кнігарні і месцы распаўсюду беларускіх кніг, выдаўцы былі вымушаныя пераязджаць за мяжу.
Але не ўсе яны спынілі дзейнасць. Больш як праз чатыры гады пасля пачатку рэпрэсій за мяжой і ў Беларусі па-ранейшаму дзейнічае каля двух дзясяткаў выдавецтваў, дзе працягваюць выходзіць беларускія кнігі. Валянціна Андрэева, Павал Анціпаў, Мікіта Белаглазаў, Ігар Іваноў, Яраслаў Іванюк, Алена Казлова, Тацяна Нядбай, Дзмітры Строцаў, Сяргей Шупа, Андрэй Янушкевіч і іншыя цяпер працуюць у Кракаве, Варшаве, Беластоку, Вільні, Берліне, Лондане, Празе. Некаторым з выдаўцоў яшчэ ўдаецца займацца выданнем беларускіх кніг на радзіме, нягледзячы на ціск з боку дзяржавы і прапагандыстаў.






