BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выдавецтва «Янушкевіч» атрымала правы на выданне па-беларуску зборнікаў Борхеса

Выдавецтва «Янушкевіч» атрымала правы на выданне па-беларуску чатырох найважнейшых зборнікаў твораў Борхеса: «Фікцыі», «Алеф», «Паведамленне Броўдзі», «Кніга пяску». Хорхе Луіса Борхеса – вялікі аргенцінскі пісьменнік, майстр інтэлектуальнай літаратуры XX стагоддзя. Плануецца, што кнігі выйдуць у 2025 годзе.

Перакладчыкам іх выступіць Сяргей Шупа. «Беларуская літаратура шмат чаго з сусветнай літаратуры не засвоіла ў сваёй мове і трэба наганяць», – кажа выдавец Андрэй Янушкевіч.

– Мы працягваем гэтую лінію, выдаем універсальную літаратуру, у тым ліку і шмат перакладной літаратуры. Увогуле ў мяне такі прынцып, што я не дзялю літаратуру на айчынную і замежную. Сёння свет так сканцэнтраваны, і выдавецкая справа так выглядае, што ў нашым выпадку любая кніга на беларускай мове становіцца беларускай.

А вось паразумецца з праваўладальнікамі серыі кніг Джаан Роўлінг пра Гары Потэра выдавецтву «Янушкевіч» не ўдалося. Брытанцы не дазволілі выдаць «Гары Потэра» па-беларуску і патлумачылі гэта тым, што Беларусь знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі.

«Усе нашы тлумачэнні, што мы зараз пад польскай юрысдыкцыяй, не далі выніку. Мы ацэньваем тое, што адбылося, як акт дыскрымінацыі нацыянальнай культуры», – з горыччу адзначылі ў выдавецтве.

Беларускае Радыё Рацыя