Прызнанне “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнту інстаграм-старонкі выдавецтва “Скарына” з’яўляецца “незаконным умяшаннем у дзейнасць” праекта і “палітычна-матываванай спробай ціску на яго супрацоўнікаў”. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай учора заяве выдавецтва.

Рэдактар выдавецтва Ігар Іваноў.
“Мы катэгарычна адмаўляем суду, залежнаму ад прэзідэнцкай улады ў Беларусі, у праве выносіць рашэнні па пытаннях творчай дзейнасці, мыслення і інтэлектуальнай свабоды”, — гаворыцца ў заяве.
“Выдавецтва “Скарына” заснаванае і дзейнічае ў Лондане. Яно працягвае доўгія і слаўныя традыцыі беларускага эмігранцкага кнігадрукавання. Адсутнасць цэнзуры, ліцэнзавання і іншага кантролю над выдавецкай дзейнасцю ў краіне была важным фактарам для стварэння выдавецтва з фокусам на беларускай тэматыцы ў Вялікабрытаніі. За два з паловай гады працы ў выдавецтве выйшла больш за 50 кніг мастацкай літаратуры, паэзіі, публіцыстыкі і навуковых тэкстаў”, — адзначае выдавецтва.
Звяртаецца ўвага, што “незаконныя рашэнні судоў Рэспублікі Беларусь не маюць юрысдыкцыі ў Вялікабрытаніі”.
Кантэнт старонкі выдавецтва ў “Інстаграме” прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі” 15 траўня рашэннем суда Маладэчанскага раёна Менскай вобласці.