25-ы нумар часопіса “Acta Albaruthenica” прысвечаны шырокаму колу даследаванняў па пытаннях беларускай мовы, культуры, літаратуры і ідэнтычнасці з асаблівым акцэнтам на перспектыву памежжа, а таксама гістарычны і сучасны кантэкст.
Том пачынаецца раздзелам “In Memoriam”, прысвечаным памяці прафесара Мікалая Цімашука, выдатнага даследчыка і выкладчыка, які зрабіў багаты ўнёсак у развіццё беларусістыкі.
Значную частку гэтага нумара складаюць навуковыя артыкулы на тэмы дыялекталогіі, сацыялінгвістыкі, этналінгвістыкі і гісторыі мовы. Аўтары аналізуюць у тым ліку такія тэмы, як лексіка, звязаная з ежай, гісторыя назваў дзён тыдня ў беларускай мове, межы беларускіх дыялектаў, функцыянаванне мянушак і праблематыку генерычнага мужчынскага роду. Важнае месца займаюць артыкулы, прысвечаныя праблеме мовы і ідэнтычнасці, ‒ як у гістарычным плане, так і ў сучасных працэсах самаідэнтыфікацыі, міграцыі і матывацыі да вывучэння беларускай мовы.
Выпуск дапаўняюць літаратуразнаўчыя даследаванні, у якіх праводзіцца аналіз езуіцкай драмы, эмігранцкай прэсы, сучаснай літаратуры і гістарычных наратываў XIX стагоддзя. Завяршаюць нумар агляды найноўшых публікацыяў па беларусістыцы і справаздачы з навуковых канферэнцыяў і палявых даследаванняў.
25-ы том часопіса “Acta Albaruthenica” дэманструе дынаміку і міждысцыплінарны характар сучасных беларускіх моўна-культурных даследаванняў. Пазнаёміцца з яго зместам можна на старонцы https://albaruthenica.uw.edu.pl/archiwum/
Дасылаць артыкулы ў наступны нумар: https://albaruthenica.uw.edu.pl/be/%d0%bd%d0%b0%d0%b2%d1%96%d0%bd%d1%8b/ і сачыць за новай інфармацыяй можна на старонцы ў Facebook https://www.facebook.com/profile.php?id=100090166947198.
Паводле прэс-рэлізу






