Менскае выдавецтва “Беларусь” выпусціла беларускі адрыўны каляндар “Родны край” на 2026 год. Каляндар багаты на цікавыя артыкулы пра Беларусь, на матэрыялы, карысныя для прымянення ў паўсядзённым жыцці.

“Родны край” дапаможа прасачыць юбілейныя даты ў 2026 годзе знакамітых людзей Беларусі, славутых беларусаў – юбіляраў 2026 года, якія жылі ў розныя часы і пакінулі каштоўную спадчыну. А такіх юбіляраў у наступным годзе будзе шмат. Напрыклад, споўніцца 85 гадоў з дня нараджэння кіраўніка славутых “Песняроў” Уладзіміра Мулявіна (1941-2003), 120 гадоў паэту Андрэю Александровічу (1906-1963), 220 гадоў археолагу і этнографу Канстанціну Тышкевічу (1806-1868), 130 гадоў народнаму паэту Беларусі Кандрату Крапіве (1896-1991), 375 гадоў асветніку Ільі Капіевічу (1651-1714), 140 гадоў пісьменніку Змітраку Бядулі (1886-1941), 100 гадоў дыктару радыё Ільі Кургану (1926-2019), 100 гадоў артысту Мікалаю Яроменку, 175 гадоў паэту Янку Лучыну (1851-1897), 230 гадоў паэту і фалькларысту Яну Чачоту (1796-1847), 150 гадоў паэтцы і асветніцы Цётцы (Алаізе Пашкевіч), 135 гадоў класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу (1891-1917) і шмат каму яшчэ.
Значнае месца ў календары “Родны край” адведзена роднай мове, традыцыйным народным абрадам. У выданні можна пачытаць пра старажытныя міфалагічныя ўяўленні нашых продкаў, а таксама пра прыродныя аб’екты і славутыя мясціны Беларусі. Будуць карысныя парады па захаванні і ўмацаванні здароўя, правільным харчаванні, гігіене, спорце і г.д. Не застануцца па-за ўвагай таксама жыццёвыя і побытавыя парады, рэцэпты народнай медыцыны і беларускай кухні.
“Родны край” надрукаваў біяграфіі славутых беларусаў, вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Журбы, Міхася Чарота, Максіма Танка, Язэпа Пушчы, Янкі Лучыны і іншых паэтаў.
Тыраж календара “Родны край” 4 тысячы экземпляраў. Ён ужо прадаецца ва ўсіх крамах “Белкніга” Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя






