BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выйшаў з друку гарадзенскі альманах “Новы замак”

Выйшаў з друку гарадзенскі літаратурны альманах “Новы замак” (№12) за 2023 год.

Літаратурны альманах пісьменнікаў Гарадзеншчыны вельмі цікавы і разнастайны, як на аўтараў, так і на жанры і змест іх твораў. Літаратурнае выданне распачынаецца паэзіяй. У гэтым раздзеле надрукаваны вершы Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Паліны Дваранскай, Міколы Канановіча, Альжбеты Кеды, Мечыслава Курыловіча, Віктара Сазонава і Янкі Трацяка. Арыгінальнымі атрымаліся паціверш “Лацінкаю піша тутэйшае поле” Альжбеты Кеды і смешыя вершы Янкі Трацяка.

З вялікай асалодай чытачы прачытаюць празаічныя творы літаратараў Гарадзеншчыны Віктара Варанца, Уладзіміра Васько, Міхася Зізюка, Віктара Сазонава, Станіслава Судніка і Янкі Трацяка. Дэбютуе ў альманаху літаратурны клуб “Катарсіс”, якім кіруе Віктар Варанец. Гэты творчы клуб дзейнічае пры Гарадзенскім дзяржаўным медінстытуце. Сяброў “Катарсіса” друкуюць у розных літаратурных выданнях Беларусі, а таксама некалькі старонак іх творчасці адведзена ў “Новым замку”.

Юбілярам-пісьменнікам свае атрыкулы прысвяцілі Валянцін Дубатоўка, Мікола Канановіч, Сяргей Чыгрын і Янка Трацяк. Валянцін Дубатоўка шчырымі словамі прыгадаў і доктара філалагічных навук, прафесара Паўлу Сцяцка (1930-2020).

У рубрыцы “Запісы” свае роздумы і даследаванні на суд чытачоў прадаставілі Рычард Бялячыц, Таццяна Валенцік, Валянцін Дубатоўка, Леанід Лаўрэш.

Не мінулі аўтары і юных чытачоў. Для іх Іван Буднік напісаў верш “Пра пчолку і жыццё вулея”, а Сяргей Чыгрын – п’есу-казку “Верталёт Бабы-Ягі”.

З усмешкай прачытаюць чытачы раздзел “Сатыра і гумар”, у якім з мастацкімі творамі выступаюць Уладзімір Васько і Іван Буднік.

У канцы альманаху надрукавана традыцыйная рубрыка “Сярод кніг”, якая распавядае пра новыя выданні гарадзенскіх літаратараў.

Беларускае Радыё Рацыя