Працягваецца выданне серыі кніг для дзяцей “Ветрачок”, якую запачаткавалі летам 2025 году.

Сярод навінак апошняга часу чытачы знойдуць кнігу вершаў паэта і перакладчыка Алега Мінкіна “Зарапад”. Для самога Алега выхад гэтай кнігі стаўся сюрпрызам.
– Проста я даслаў рукапіс сваёй кнігі для дзяцей выдаўцу. Я нават не ведаў, для чаго, ён папрасіў. Я даслаў увесь вялікі рукапіс маіх дзіцячых вершаў. Ён з гэтага рукапісу выбраў вершы для кнігі. Дарэчы ў маім рукапісе кнігі для дзяцей ёсць вершы, якія ніколі не друкаваліся. У мяне там ёсць дзве п’ескі для дзяцей, адна п’еска ні разу не друкавалася, а адна адрукавалася і ставілася на сцэне ў Гародні.
У кнізе выбраных дзіцячых вершаў Алега Мінкіна, якую праілюстравала Кацярына Мельнікава, паэтычна ўвасабляюцца нацыянальныя міфалагічныя істоты, ажывае раслінны і жывёльны свет, а таксама апяваецца беларускі каляндар.
Беларускае Радыё Рацыя






