«Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце» — унікальнае без перабольшання выданне, якое распавядае пра пахаванні, традыцыю помнікаў, эпітафій і сімволікі на іх. Таксама пра нашых землякоў, якіх лёс разлучыў у розныя гады з Беларуссю.
Гэта 49-я кніга ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Матэрыялы для яе збіраліся ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку ад пачатку 1990-х гадоў з дапамогай дзясяткаў зацікаўленых асоб.
Выданне ахоплівае беларускія пахаванні ў 13 краінах свету, у тым ліку падрабязна апісвае адмысловыя беларускія могілкі або беларускія часткі шматнацыянальных могільнікаў у Аўстраліі, Вялікабрытаніі, ЗША, а таксама паасобныя надмагіллі беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў Бельгіі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Італіі, Канадзе, Францыі, Чэхіі, Чылі, Швецыі.
Аўтары намагаліся прадставіць не толькі самі надмагільныя помнікі, але і асоб, якія пад імі спачылі, каб захаваць памяць пра сотні суродзічаў, што назаўсёды засталіся на чужыне.
«Кніга могілак» — першае такога кшталту і аб’ёму беларускае выданне.
Замовіць даведнік «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце» можна на сайце інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат па спасылцы.