BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выйшла кніга пра ўсе старажытныя дамы Гародні

Кніга «Гродна. Біяграфія вуліц» выйшла ў гарадзенскай друкарні Аляксандра Рыжага. Гэта вынік шматгадовай працы гарадзенскіх гісторыкаў розных пакаленняў. У кнізе аўтары спрабуюць ахапіць гісторыю гарадзенскіх вуліц і архітэктуры горада, пачынаючы з XII стагоддзя, піша hrodna.life са спасылкай на старонку ў Фэйсбук Аляксандра Рыжага.

Падобных кніг — гарадскіх энцыклапедый, дзе расказваецца гісторыя кожнага будынка ў гістарычным цэнтры — у беларускім краязнаўстве больш няма.

У кнізе сабраны сведкі пра кожны цікавы з архітэктурнага пункта гледжання будынак. Інфармацыя пра вуліцы Гародні прыведзена ў алфавітным парадку. Па кожнай вуліцы апісаны як знакавыя аб’екты — замкі, святыні, палацы, комплексы будынкаў, так і ўся тыпавая забудова. Можна даведацца, хто ў якую эпоху валодаў канкрэтным будынкам, якія ўстановы там размяшчаліся, калі і кім будынкі перабудоўваліся.

Усяго ахоплена гісторыя каля 150 вуліц Гародні і больш як тысячы будынкаў. Таксама ў кнігу ўвайшлі дадзеныя аб былых вёсках, якія цяпер сталі часткай горада. На сённяшні дзень кніга «Гродна. Біяграфія вуліц» гэта найбольш падрабязны каталог гістарычных звестак аб архітэктуры Гародні.