«Ці помніш ты» — так называецца кніга вершаў Міхала Анемпадыстава — беларускага паэта, мастака, дызайнера, культуролага, выбітной асобы беларускай незалежнай культуры. Зборнік, створаны да 60-годдзя творцы, неўзабаве мусіць з’явіцца на кніжных анлайн-пляцоўках, офлайн кнігу можна знайсці ў менскім ТГ «Купалаўскі», паведамляе reform.by.
Выданне прадстаўляе Міхала Анемпадыстава як паэта — у кнізе сабраныя амаль усе вершы аўтара, а гэтаксама ў зборніку надрукаваны ягоныя фота.
«Міхаіл Анемпадыстаў сваёй творчасцю будаваў Каралеўства Беларусь — поўнае стылю, густу, шляхетнасці і любові да свайго. Рознабаковы і гарманічны, канцэптуальны і разнастайны — візуальнае, тэкставае і музычнае нарошчвалася на стрыжань ідэі і разрасталася прыгожым, укараненым у сваю зямлю і традыцыю дрэвам, — паведмляецца ў анатацыі да кнігі. — Калі крышацца ў друз эпохі, застаюцца галасы, словы і музыка. Застаецца інтанацыя, на якую абарочваліся, за якой ішлі, якую шукалі. Стыль 1990-х для беларускага кола быў зададзены Міхалам Анемпадыставым. Голасам таго часу сталіся спевы Каралевы беларускага року. Паэзія, праспяваная ёй, адважна і пяшчотна змяніла прастору і нас саміх у ёй. Уздымала і адорвала небывалым. Свет тады на вачах поўніўся навізной пад гітарныя акорды і прамоўленыя словы. Так здавалася. Так было.
Ці помніш ты, як мала мы спалі?
Ці помніш ты, як шмат мы прыснілі?».
Выданне падрыхтавана па замове сям’і аўтара. Наклад — 300 асобнікаў.