BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выйшла праца Янкі Саламевіча “Беларускія псеўданімы і крыптанімы”

У Менску нарэшце пабачыў свет энцыклапедычны слоўнік-даведнік Янкі Саламевіча “Беларускія псеўданімы і крыптанімы (XVI-XX cт.)”.

Усё жыццё кандыдат філалагічных навук, даследчык беларускай літаратуры, энцыклапедыст Янка Саламевіч (1938-2012) працаваў і даследаваў беларускія псеўданімы. Першае яго выданне “Псеўданімаў…” пабачыла свет ажно ў 1983 годзе. Пасля даследчык яшчэ сабраў на тры тамы беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў, якія вельмі хацеў выдаць асобнымі кнігамі, патрымаць у руках, парадавацца. Але ён так і не дачакаўся гэтага шчаслівага моманту. І вось нарэшце менскае выдавецтва “Тэхналогія” парупілася і выдала том працы (703 старонкі) славутага даследчыка.

Новы слоўнік Янкі Саламевіча змяшчае 20 250 расшыфраваных псеўданімаў і крыптанімаў беларускіх літаратараў, грамадска-палітычных і культурніцкіх дзеячоў ад XVI да канца XX cтагоддзя. Ён ахоплівае ўсе публікацыі на беларускай мове, у тым ліку выданні нашай дыяспары, а таксама публікацыі на польскай і рускай мовах, якія выходзілі ў Беларусі. Агульная структура слоўніка адпавядае прынятай у сусветнай практыцы сістэме падачы матэрыялаў такога тыпу.

Беларускае Радыё Рацыя