BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выстава беларускіх строяў у Беластоку

Вернісаж: 30 кастрычніка а 18.00 у Беластоцкім асяродку культуры / Цэнтры ім. Людвіка Заменгофа ў Беластоку (вул. Варшаўская, 19).  

Падчас вернісажу адбудзецца аўтарская экскурсія. Таксама запланаваны выступ гурта Кацярыны Ваданосавай у суправаджэнні пясочнай анімацыі ў выкананні мастачкі Аляксандры Канафальскай.  

Кожны строй  гэта не проста рэканструкцыя пэўнага часу і рэгіёну. Гэта цэлая гісторыя, часам рэальная, а часам і прыдуманая.

Кацярына Ваданосава: “Апісваючы кожны строй, я спрабавала ўявіць сабе жанчыну, дзяўчыну, хлопца ці мужчыну, якія б маглі насіць яго. Часам гісторыі выходзілі наіўныя, часам – нават трошкі горкія, а часам увогуле не трэба было нічога прыдумляць – дастаткова было ўзяць гісторыю з майго жыцця, маіх родных і продкаў.”

На выставе прадстаўленыя рэканструкцыі строяў ад ХІ стагоддзя да пачатку XX. Тут і адзенне полацкай кнігі ХІ стагоддзя, і юнай каралевы Боны, і шляхцянкі часоў Паўстання 1863-1864, і беларускіх сялян. Сярод прадметаў гардэробу  залататканыя шаўковыя стужкі, гарсэты і крыналіны, вязаныя карункі, вышытыя кашулі і іншыя адметныя элементы. Усё выканана ўручную. На стварэнне такога адзення сыходзяць месяцы і нават гады працы.

Строі з выставы  гэта не толькі мастацкія творы, але і вынік навуковага даследавання. Яны выкананыя з выкарыстаннем аўтэнтычных тэхнік працы з тэкстылем, такіх, як вышыўка, ткацтва, шытво, крой, вязанне і пляценне. Усе элементы адзення і аксесуары маюць адпаведнікі ў гістарычных крыніцах. На выставе прадстаўлена 14 строяў: строй багатай полацкай крывічанкі (канец XI ст.), строй гараджанкі канца XIII i XIV стст., строй шляхцянкі сярэдняй рукі канца XIV — пачатку XV стст., строй знатнай паненкі канца XV і XVI стст., строй шляхцянкі часоў паўстання Кастуся Каліноўскага (1863-1864 гг.), калінкавіцкі строй, мсціслаўскі строй, гарадзенскі строй, маладзечанскі строй і фрагмент аўтэнтычнай кашулі, строй з кобрынскай світай-латухай, мужчынскі строй са світай, вясельны строй – кампіляцыя, сучасная дызайнерская сукенка (стылізацыя, традыцыйнага строю), сучасная дызайнерская канцэртная сукенка, аздобленая традыцыйнымі тэхнікамі.  

Удзельнікі канцэрту:

Кацярына Ваданосава – вакал, духавыя

Стэфанія Ваданосава – вакал, скрыпка

Ігар Палынскі – гітара

Аляксандра Канафальская – пескаграфія

Падчас кароткага канцэрта прагучаць некалькі аўтарскіх песен Кацярыны Ваданосавай. Выступ будзе суправаджацца анімацыяй пяском, якая адлюстроўвае настроі і сюжэт песен.

Кацярына Ваданосава – майстрыха гістарычных і традыцыйных беларускіх строяў і тэкстыльных тэхнік, заснавальніца Школы традыцыйнага строю ў Беластоку, гісторык і рэлігіязнаўца, тэлевядучая, журналістка, спявачка, грамадская дзяячка.

Аляксандра Канафальская выконвае працы ў тэхніцы SandArt і з’яўляецца адной з найлепшых на свеце мастакоў па пяску.

Выставу можна наведваць кожны дзень з 10.00 да 17.00 акрамя панядзелкаў. Экспазіцыя працягнецца да 28 лістапада. Па-за вернісажам неабходныя білеты, якія можна набыць у касе ЦЛЗ.