У Празе працуе выстава беларускіх мастакоў у выгнанні, якую блаславіў Папа Рымскі і 19 кардыналаў, а таксама жонка прэзідэнта Францыі. Вернісаж з удзелам дыпламатаў ды іншых высокіх гасцей прайшоў у сталіцы Чэхіі 4 верасня. На выставе прадстаўлена каля 50 карцін 12 беларускіх мастакоў з прыватнай калекцыі арганізатараў выставы – сям’і Шыліных.

Як кажа Георгій Шылін, ідэйным натхняльнікам гэтай выставы была яго жонка Дзіяна, якая напісала вялікую колькасць лістоў да вядомых зорак, чыноўнікаў і духавенства.
– На самой справе гэта ўсё зрабіла мая жонка. Гэта яе боль пасля 2020 года. У нас два заробкі, і яна неяк прыйшла і сказала, што мы не можам дапамагчы ўсім, але некаторым можам. На той час мы ўжо ведалі многіх мастакоў у эміграцыі, і мы бачылі, як ім цяжка. І тая ж Вольга Якубоўская, наколькі яна ў нас вядомая, але яна за гэта лета прадала толькі адну карціну. Таму наш галоўны пасыл – купляць творы ў беларускіх мастакоў.

Паводле арт-куратара выставы, мастацтвазнаўцы Эльвіры Каралёвай, яна ўпершыню ўдзельнічала ў такім незвычайным праекце:
– Праект нязвыклы для мяне тым, што гэта сям’я калекцыянераў, якія не прафесійныя калекцыянеры, якія, можа быць, не вялікія, знакамітыя, заможныя калекцыянеры. Але тым не менш гэта сем’я беларусаў, якая вырашыла дапамагаць мастакам і стала набываць карціны. А самая лепшая дапамога мастакам – гэта, канешне, праз набыццё іх твораў мастацтва.
Выстава “Беларускія мастакі ў выгнанні” ў Празе ў будынку Дома нацыянальных меншасцяў будзе працаваць да 22 верасня. Яе можна наведаць па адрасе: Vocelova 602-3, Praha-2, уваход вольны.

Цалкам матэрыял:



































Беларускае Радыё Рацыя






