Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку запрашае ўсіх наведаць Музей сельскай гаспадаркі ў Цеханаўцы, на адкрыццё першай у Польшчы выставы калекцыі строяў аўтарства Кацярыны Ваданосавай. Наведвальнікаў чакаюць рэканструкцыі гістарычных і традыцыйных строяў Беларусі.

Кажа намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры Ілона Карпюк:
– Амаль кожны беларус, думаю, сутыкнуўся з прозвішчам Кацярыны Ваданосавай і ведае, якая гэта сур’ёзная майстрыха па ўсіх тэхніках шыцця народных касцюмаў. Яна ўжо праявіла свае таленты ўсебакова. А ў Цеханоўцы добра ўладкаваная ўстанова культуры. Варта каб жыхары нашага рэгіёну, якія на штодзень сутыкаюцца з беларусамі, разумелі, што ў нас тут шмат суседзяў, якія тут жывуць здаўна, або толькі што пераехалі. І нашая беларуская спадчына цікавая і багатая, і можам у розны спосаб пра яе распавядаць.
Вернісаж выставы гістарычных і традыцыйных строяў Беларусі, спалучаны з аўтарскай экскурсіяй і канцэртам у выкананні Кацярыны Ваданосавай, адбудзецца 5 верасня а 12-й. Графічнае афармленне выставы выканала мастачка Аляксандра Канафальская.
Цалкам матэрыял:
Музей сельскай гаспадаркі імя кс. К. Клюка ў Цеханаўцы разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку запрашаюць у Цехановец на адкрыццё першай у Польшчы выстаўкі калекцыі строяў аўтарства Кацярыны Ваданосавай, майстрыхі крою гістарычных і традыцыйных беларускіх строяў і тэкстыльнай тэхнікі. Вернісаж спалучаны з аўтарскай экскурсіяй і канцэртам у выкананні Кацярыны адбудзецца 5 верасня ў 12.00.

На адной з апошніх дошак выставы «Строй — выстава гістарычнага і традыцыйнага беларускага строя» чытаем: „ Яна змагла шыць сукенкі колеру агню і вышываць іх узорамі, падгледжанымі на манішках старых мужчынскіх кашуль. Мужчынская вышыўка на жаноцкай сукенцы стала яе сакрэтам сілы. (…) Дзяўчына змагла аб’яднаць старое і новае, і знайсці ў гэтым сябе і сваю смеласць. Яе сукенка стала яе зброяй.”
Гэта першая такая прэзентацыя ў новых рэаліях жыцця Кацярыны Ваданосавай, якая пасля падзей 2020 года вымушана была эміграваць з Беларусі. Яе новым домам стаў Беласток, дзе яна таксама заснавала Школу традыцыйнага строя. З аднаго боку, выстава выклікае захапленне яе майстэрствам, падмацаваным таксама этнаграфічнымі даследаваннямі, бо, як яна падкрэслівае, кроі і ўзоры яна бярэ з канкрэтных крыніц, што таксама адлюстравана ў апісаннях выставы. З іншага боку, гэта вельмі асабістая гісторыя пра захапленне, пра жанчыну, пра нягоды жыцця ў эміграцыі і адначасова пра любоў да радзімы, яе традыцый і культурнага багацця. На выставе пабачым касцюмы ручной работы, а таксама элементы майстэрні Кацярыны.
За графічнае афармленне выстаўкі адказная мастачка Аляксандра Канафальская.
Арганізатары шчыра запрашаюць на выстаўку.
Пра выстаўку
Як выглядала полацкая княгіня ХІ стагоддзя? Што магла насіць юная каралева Бона? А шляхцянка часоў Паўстання 1863-1864 гг.?
Колькі мільёнаў крыжыкаў трэба вышыць, каб рэканструяваць традыцыйную беларускую кашулю з мястэчка Калінкавічы? Залататканыя шаўковыя стужкі, гарсэты і крыналіны, неверагодна выкшталцоныя прадметы гардэроба беларускіх сялянак, на стварэнне якіх сыходзяць месяцы, і нават гады працы – усё гэта вы зможаце пабачыць у межах выстаўкі.
Кожны строй – гэта не толькі мастацкі твор, але і вынік навуковага даследавання. Яны выкананыя з выкарыстаннем аўтэнтычных тэхнік працы з тэкстылем, такіх, як вышыўка, ткацтва, шытво, крой, вязанне і пляценне.
Кожны элемент адзення і аксесуар мае адпаведнік у гістарычных крыніцах. Натхніцеся талентам і густам нашых продкаў!
Беларускае Радыё Рацыя