19 траўня а 14:00 на пляцы каля помніка Каперніку ў Варшаве адбудзецца адкрыццё інтэрактыўнай выставы «Муры», прысвечанай беларускім палітвязням.
Сёння ў Беларусі лічба толькі афіцыйна прызнаных палітвязняў дасягае 1,5 тысячы чалавек, рэальная лічба — у разы большая. У жорсткіх і нечалавечых умовах яны праходзяць праз турмы рэжыму ў Беларусі, адбываючы вялікія тэрміны за сваю прагу да свабоды. Адкрыццё выставы прымеркавана да Дня беларускіх палітвязняў — 21 траўня. Менавіта ў гэты дзень у 2021 годзе ў шклоўскай калоніі №17 быў забіты палітвязень Вітольд Ашурак. Пасля яго смерці пазбавіліся жыцця ў месцах зняволення палітвязні Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч. Адкрыццё выставы — нагода, каб нагадаць усяму цывілізаванаму свету, што сёння адбываецца ў Беларусі.
Выстава «Муры» — сімвалічнае адлюстраванне той сітуацыі, у якой сёння знаходзіцца беларускае грамадства. Выстава мае інтэрактыўную і інтэрперсанальную форму і не толькі інфармуе гледача пра лёс беларускіх палітвязняў, якія сёння за кратамі, але і эмацыйна ўцягвае ўдзельнікаў да больш глыбока разумення праблем беларускага грамадства, прага да дэмакратычных зменаў якога жорстка растоптваецца чорнымі ботамі сілавікоў.
Выстава названа ў гонар асаблівай для Польшчы і Беларусі песні «Муры». Першы раз яна прагучала падчас антыкамуністычных пратэстаў у Польшчы ў 1989 годзе, а праз шмат гадоў стала сімвалам пратэстаў супраць беззаконня і гвалту ў Беларусі.
Выстава «Муры» арганізавана Беларускай асацыяцыяй палітвязняў «Да Волі» пры дапамозе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Музея Вольнай Беларусі, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Беларускага Моладзевага Хаба, Reforum Space Warsaw, Беларускага Радыё Рацыя.
Арганізатары запрашаюць прыняць удзел у адкрыцці выставы «Муры» і акцыі 19 траўня а 14:00 на пляцы каля помніка Каперніку ў Варшаве.