У гарадской публічной бібліятэцы ў Гайнаўцы праходзіць выстава жывапісу гайнаўскага мастака Марка Сапёлкі.

На адкрыцці вернісажу Марк распавёў пра свой творчы шлях, а жывапісец Віктар Кабац павіншаваў мастака і адзначыў, што мастакі Гайнаўшчыны шчодра карыстаюцца багаццем тэмаў, якія дае ім Белавежская пушча.
Марк Сапёлка актыўна выстаўляецца на розных пляцоўках Падляшша – у Гайнаўцы, Белавежы, Нараўцы і іншых мястэчках і гарадах. І яго вернісажы карыстаюцца папулярнасцю.
– Мае персанальныя выставы, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне, выклікаюць зацікаўленне. Выяўленчае мастацтва – гэта асабістае бачанне свету. І хто разумее гэта, то ведае, што карціна – гэта не штосьці як фоташпалеры, або фотаздымкі. А добрая карціна – гэта і адмысловая інвестыцыя, яна з году ў год павялічвае сваю каштоўнасць. Варта мець карціну, напрыклад, з краявідам пушчы, або з архітэктурай, якая нас тут атачае, у сябе дома, бо гэта каштоўнасць.
З выставай Марка Сапёлкі ў гарадской публічной бібліятэцы ў Гайнаўцы можна азнаёміцца да канца лютага ў дні і гадзіны працы бібліятэкі.






Беларускае Радыё Рацыя
Фота з Facebook Марка Сапёлкі






