BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выстава плакатаў – у прасторы “Робім разам” у Варшаве

У Беларускай прасторы «Робім разам» у Варшаве адкрылася ўнікальная выстава плакатаў розных аўтараў з розных краін.

Гэта зроблена з мэтай выказаць міжнародную салідарнасць з народамі Украіны і Беларусі ў цяжкі час для двух народаў, кажа кіраўнік прасторы Сяргей Бульба:

– Ідэя не з паветра. Доўга яе выношвалі. Вялікі дзякуй нашаму сябру з Даніі – Зміцеру Гушчу. Ён дызайнер, ён аўтар часткі плакатаў. Зроблена вельмі сур’ёзная работа, таму што гэта ўсё аўтарскае права. У нас каля 400 плакатаў 37 аўтараў. І трэба было з кожным дамовіцца, дасягнуць пагаднення. Кавалак працы вялізны.

РР: Якая тэматыка выставы?

Сяргей Бульба: Тэматыка цяжкая, шчыра прызнаюся. Некаторыя плакаты я б парваў і выкінуў. Кажу шчыра. Я за тое, лепш нешта пазітыўнае множыць, а не негатыў. Але ж мы ўлічваем тое, што калі мастакі малююць, то ім гэта западае, малююць тое, што іх хвалюе, і хто мы такія, каб у гэта ўлазіць.

Ужо ўзнікла паралельная ідэя, у нас тут ёсць дзіцячая група, якія малююць. Вось іхнія малюнкі адрозніваюцца пазітыўнасцю. Яны яшчэ не судакрануліся з тым, што называецца рэальным жыццём. Папросім дзяцей намаляваць тое, як яны хацелі б бачыць сваю светлую будучыню. І наступная выстава ў нас будзе дзіцячага малюнку. Спадзяюся, будзе шмат пазітыву. А тут – тое, што ёсць. Гэта Расея, з яе акупацыяй, гэта Украіна, з той крывёй, якую яна л’е за вашу і нашу свабоду, гэта Беларусь, з яе рэпрэсіямі і гвалтам.

РР: Тут аўтары з якіх краін прадставілі свае плакаты?

Сяргей Бульба: З Беларусі, з Украіны. І беларусы з Даніі, з Чэхіі, з Швецыі і з багата якіх краін Еўропы.

Паводле Сяргея Бульбы, выстава будзе працаваць да 20 кастрычніка. А 12 кастрычніка плануецца сустрэча з некаторымі аўтарамі плакатаў.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя