У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Менску адкрылася мастацка-дакументальная выстава «Старая спадчына».

“Беларускае краязнаўства мае свае багатыя традыцыі і выбітных прадстаўнікоў гэтай пачэснай справы. Так, вялікую павагу ў дадзенай галіне заслужылі стваральнікі Гудзевіцкага музея – Алесь Мікалаевіч і Вера Ігнатаўна Белакозы“, – пішуць арганізатары падзеі.
На часовай экспазіцыі прадстаўлены прыклады ткацтва з фондаў Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча – гэта посцілкі і дываны, прыклады шматнітовага двухуточнага ткацтва, а таксама дыванкі ў тэхніцы двухбаковага ткацтва. Іх стварылі майстрыхі Леаніда Бусловіч, Вера Белакоз, Марыя Мінец.
Вялікую працу па наладжванні сувязяў паміж гудзевіцкімі краязнаўцамі і супрацоўнікамі музея Максім Багдановіча вяла знакамітая пісьменніца і мемуарыстка Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас). Літаратурны складнік працы Гудзевіцкага музея заслугоўвае вялікай увагі і вывучэння. Некаторыя матэрыялы з’яўляюцца ўнікальнымі і маюць непасрэднае дачыненне да дзейнасці самага маладога класіка беларускай літаратуры – Максіма Багдановіча.
Прэзентуюцца матэрыялы з фондаў музея М.Багдановіча, прысвечаныя Людвіцы Сівіцкай і яе пасрэдніцкай дзейнасці паміж музеямі, – лісты, фотаздымкі і тканы паясок, які належаў пісьменніцы.
Уваход вольны.
Выставу можна наведаць па адрасе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Менск, вул. М.Багдановіча, 7а