“30 год дыктатуры ў 30 постарах”. У Вільні 24 ліпеня ў дворыку Музея акупацыі і барацьбы за свабоду адкрылася выстава плакатаў Артура Вакарава.

Дызайнер Артур Вакараў стварыў 30 постараў, каб нагадаць свету пра тое, што абыякавасць, давер да прапаганды і прага “моцнай рукі” наўпрост вядуць да катастрафічных наступстваў.

Паводле творцы, зладзіць такую выставу ў двары музея акупацыі (былой турмы КДБ) яму прапанаваў Офіс Святланы Ціханоўскай:
– Гэта цікавы выклік для дызайнера, я сам сабе яго прыдумаў, мне было цікава. Я ўсё жыццё займаюся дызайнам, але складана было інтэграваць лічбу 30-ць, а яна моцная. Гэта лічба сам па сабе моцны мэсэдж.

У адкрыцці выставы ўдзельнічала і дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская. Яна заўважыла, што кайданкі на адным з плакатаў Артура Вакарава выдатна перадаюць сутнасць таго, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі на працягу 30 год:
– Гэтая выстава прысвечана не рэжыму, гэтая выстава прысвечана ўсім тым, хто напрацягу гэтых гадоў змагаецца супраць гэтага рэжыму, у тым ліку нашым героям – палітвязням. Кожны дзень мы памятаем пра іх і робім усё магчымае, каб вызваліць нашых родных, сяброў ды знаёмых.
Падтрымаць беларусаў на выставу прыйшлі не толькі беларускія, але і літоўскія палітыкі – гэта Юозас Олекас, былы кіраўнік дэлегацыі Еўрапейскага парламента па справах Беларусі, і Жыгімантас Павілёніс, віцэ-спікер Сейма Літвы, кіраўнік групы “За дэмакратычную Беларусь”.
Выстава ў дворыку музея акупацыі ў Вільні будзе працаваць месяц, да 24 жніўня.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:


























Беларускае Радыё Рацыя