«Украіна: журналісты ў зоне баявых дзеянняў» – на чыгуначным вакзале ў Вільні адкрылася выстава, прысвечаная працы ўкраінскіх медыйшчыкаў. Яна прымеркаваная да другой гадавіны пачатку вайны ва Украіне. На фотавыставе прадстаўленыя 27 здымкаў вядомых украінскіх і міжнародных фатографаў.
Выставу ў Вільні зладзілі Беларуская асацыяцыя журналістаў і Саюз журналістаў Літвы.
Як кажа старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус, лакацыя для выставы выбраная невыпадкова, бо чыгунка – гэта асноўная дарога з Украіны і ва Украіну для шматлікіх людзей:
— Тут для многіх людзей пачынаецца ці заканчваецца іх шлях. І іншага такога месца, дзе б праходзіла столькі розных людзей, як чыгуначная станцыя, па-мойму, няма. Ну, аэрапорт – гэта зусім іншае.
А па-другое, чаму тут важна разам рабіць такую выставу? Бо праз Вільню з усходу на захад, з захаду на ўсход, з поўдня на поўнач заўсёды праходзілі шляхі. Заўсёды шмат было добрага і дрэннага таксама.
Таму такая выстава аб вайне, аб вялікай вайне, якая доўжыцца два гады.
У экспазіцыі можна будзе пабачыць і здымкі ўкраінскага ваеннага фатографа Яна Дабраносава, які звярнуўся да прысутных з заклікам:
— Украіне трэба дапамагаць, чым можна. І сітуацыя зусім не ва Украіне, бо калі вы паглядзіце на мапу, то зразумееце, што на чарзе, напрыклад, Эстонія.
Дзеля таго, каб балты выжылі ў будучыні, дзеля таго, каб вайна не перайшла на іх тэрыторыю, трэба дапамагаць Украіне сёння.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Да цырымоніі па тэлефоннай сувязі далучыліся генеральны сакратар Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Рыкарда Гут’ерэс, кіраўнік Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка. Са словамі падтрымкі Украіны выступіў старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.
Словы падзякі за ідэю гэтай выставы гучалі ад Прадстаўніка амбасады Украіны ў Літве Віктара Хамоцкага.
Вастава на чыгуначным вакзале Вільні будзе доўжыцца да 11 сакавіка, уваход вольны.
Беларускае Радыё Рацыя