BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выстава “Жахлівая прыгажосць” у музеі Якуба Коласа

4 жніўня 2025 года ў 18.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачне сваю працу часовая экспазіцыя з фондаў музея “Жахлівая прыгажосць”, прысвечаная культуры пасмяротных масак.

Фота: facebook.com/groups/muzeykolasa

Дакладнай інфармацыі, калі традыцыя стварэння пасмяротных масак з’явілася на тэрыторыі беларускіх земляў і як яна развівалася, на жаль, у адкрытым доступе няма, – адзначаюць арганізатары выставы. Таму выбудаваць іерархію беларускіх скульптараў, якія прыклалі сваю руку да гэтага далікатнага віду скульптуры, дастаткова складана. Хоць ва ўсім свеце пасмяротныя маскі адназначна ставяцца да разраду мастацтва, а не да простага рамяства, многія беларускія скульптары ўсё яшчэ не афішуюць сваё дачыненне да стварэння пасмяротных масак.

На часовай экспазіцыі “Жахлівая прыгажосць” падрыхтаванай сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем, Літаратурным музеем Янкі Купалы, Бягомльскім музеем народнай славы, Мемарыяльным музеем-майстэрняй З.Азгура наведвальнік атрымае ўнікальную магчымасць пабачыць пасмяротныя маскі знакамітых дзеячоў культуры Беларусі аўтарства вядомых беларускіх скульптараў.