24 верасня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага этнографа, журналіста, пісьменніка Мар’яна Пецюкевіча (1904-1983).

Нарадзіўся Мар’ян Пецюкевіч у сям’і малазямельнага селяніна-каталіка на Браслаўшчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў у Шаўлянскім народным вучылішчы і вучыўся самастойна. Пасля Першай сусветнай вайны з дапамогай беларускіх ксяндзоў Віктара Шутовіча і Адама Станкевіча трапіў у Віленскую беларускую гімназію, прымаў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным руху, пасля вучыўся ў Радашковіцкай беларускай гімназіі.
Паспрабаваў выехаць для вучобы ў Прагу. Пры нелегальным пераходзе мяжы быў затрыманы. Адпраўлены служыць у польскае войска. Пасля службы ў войску паступіў на гуманітарны факультэт Універсітэце Стэфана Баторыя, дзе вывучаў этнаграфію, археалогію, славістыку і ў 1938 годзе атрымаў ступень магістра філасофіі.

Яшчэ падчас вучобы Мар’ян Пецюкевіч уладкаваўся на працу ў бібліятэцы Інстытута Усходняй Еўропы (цяпер Бібліятэка імя Урублеўскіх), меў доступ да спецфондаў, сярод якіх былі выданні з БССР. Дапамагаў многім віленскім беларусам знаёміцца з забароненымі ў Польшчы выданнямі. Быў членам Беларускага студэнцкага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага навуковага таварыства. У 1930—1935 гадах – першы рэдактар часопісу «Шлях моладзі», змяшчаў у ім свае творы пад псеўданімам Марвіч, пры канфіскацыях нумароў часопіса двойчы прыцягваўся да судовай адказнасці, некалькі разоў быў пакараны грашовымі штрафамі. На грамадскіх пачатках супрацоўнічаў з Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча.
Пасля заняцця Вільні Чырвонай Арміяй падчас паходу ў Заходнюю Беларусь, Мар’ян Пецюкевіч быў рэдактарам беларускіх перадач на Віленскім радыё, выконваў абавязкі дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі (цяпер Бібліятэка імя Урублеўскіх), а з 1940 года — дырэктар Беларускага музея імя Івана Луцкевіча.

У пачатку Другой сусветнай вайны пераехаў на нейкі час у вёску. Скончыў настаўніцкія курсы ў Вільні, працаваў павятовым інспектрам асветы ў Ашмянах. Потым выкладаў беларускую мову ў эвакуіраваным з Магілёва ў Новую Вільню Медыцынскім інстытуце. Арыштаваны савецкімі ўладамі 1 студзеня 1945 года, утрымліваўся ў Лукішскай турме. Вызвалены быў у сакавіку 1945 года.

Пасля Другой сусветнай вайны жыў на вёсцы і працаваў з сям’ёй на гаспадарцы на Віленшчыне. Быў абраны старшынём Ажулаўскага сельскага савета на Віленшчыне. У 1949 годзе Мар’ян Пецюкевіч разам з сям’ёй (жонкай і дзвюма дочкамі) быў арыштаваны і сасланы ва Ужурскі раён Краснаярскага края. Працаваў у калгасе імя Жданава пчалаводам.

Летам 1952 года беларус паводле Пастановы Генеральнага пракурора ЛітССР быў арыштаваны, дастаўлены ў Вільню і асуджаны за «нацыяналізм» да 25 гадоў пазбаўлення волі. У канцы сакавіка 1953 года адпраўлены ў Варкуту. У 1957 годзе, пасля перагляду справы, ён быў вызвалены, па рэпатрыяцыі пераехаў у Польшчу, куды ўжо раней выехалі яго жонка і дачка. Дзякуючы дапамозе прафесараў-этнолагаў Казіміра Машынскага і Марыі Знамяроўскай-Прыферовай, з 1959 года Мар’ян Пецюкевіч уладкаваўся на працу ў этнаграфічны аддзел акруговага музея г. Торунь, адкуль выйшаў на пенсію.
У Польшчы Мар’ян Пецюкевіч, хоць жыў у Торуні, але быў звязны з беларускім рухам на Беласточчыне. Дзейнічаў у навуковым гуртку БГКТ, апрацаваў «Апытальнік да народнага адзення, абутку і аздоб», выдадзены БГКТ у 1959 годзе. Шмат увагі ў сваёй дзейнасці ўдзяляў вывучэнню народнай культуры беларусаў Беласточчыны, правёў этнаграфічныя экспедыцыі на Сакольшчыне і Гайнаўшчыне. Хацеў арганізаваць Беларускі музей у Польшчы. Як сведка і ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху супрацоўнічаў з гісторыкамі Юрыем Туронкам і Аляксандрай Бергман. Быў адным са стваральнікаў літаратурнага аб’яднання «Белавежа» (Беласток).
Беларускае Радыё Рацыя






