BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З аўкцыёну прадаюць калекцыю карцін Віктара Бабарыкі

Лукашэнкаўскія ўлады распрадаюць з малатка калекцыю карцін палітзняволенага прэтэндэнта ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыкі. 19 твораў мастацтва з яго калекцыі ацанілі на 344 тысячы рублёў, але падчас таргоў, калі яны адбудуцца, кошт гарантавана вырасце. Таргі запланаваны на 8 кастрычніка гэтага года. Аб’ява пра пачатак аўкцыёну апублікавана на сайце «БелЮрЗабеспячэнне».

Самы дарагі лот — твор «Арлекін» беларуска-французска-польскага мастака Яўгена Зака. Яго выставілі па стартавым кошце 99 312 рублі.

«Пейзаж» Міхаіла Кікоіна выстаўлены за 56 277 рублёў. Яго ж «Яблыні» – за 49 656.

Ёсць сярод арыштаваных карцін і праца мастака Парыжскай школы з Беларусі — Восіпа Любіча. Яго жывапіс «Тэатральная ложа», напісаны прыкладна ў 1925 годзе, з калекцыі Віктара Бабарыка выставілі па кошце ад 19 862 рублі.

Нагадаем, палітзняволены Віктар Бабарыка – даўні калекцыянер мастацтва. Дзякуючы яму, свая мастацкая калекцыя зʼявілася ў «Белгазпрамбанка» як укладанне сродкаў: творы мастацтва з часам толькі даражэюць. Тым самым, у Беларусь вярнуліся карціны адных  з самых вядомых яе ўраджэнцаў – Хаіма Суціна і Марка Шагала, якія дагэтуль выстаўляліся ў вядомых музеях па ўсім свеце, але не ў сябе на радзіме.