BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

За пераклад “Сабак Еўропы” Томас Вайлер атрымаў прэмію Паўля Цэляна-2024

Пра гэта паведаміў аўтар рамана «Сабакі Еўропы» Альгерд Бахарэвіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

Абгрунтаваньне журы:

Прэмію Паўля Цэляна за 2024 год атрымлівае Томас Вайлер за ягоны пераклад рамана «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча (выдавецтва Voland&Quist), забароненага і прызнага экстрэмісцкім у Беларусі.

Тэкст, які выйшаў у 2017-м, запрашае чытача ў настолькі ж змрочнае, наколькі іранічна апісанае падарожжа скроз мінулае і ўяўнае будучае Беларусі і Еўропы і пры гэтым разглядае найвастрэйшыя тэмы сучаснасці з неверагоднай дакладнасцю.

Журы ўганароўвае цудоўны пераклад Томаса Вайлера, у якім ён з уражвальнай крэатыўнасцю і радасцю мовы робіць чутнымі самыя разнастайныя галасы рамана і выдатна працуе з такімі рознымі моўнымі рэгістрамі, як слэнг, архаіка, міталогія і сатыра.

Апрача беларускага і расейскага тэксту, Томас Вайлер пераклаў таксама слоўнік сканструяванай мовы бальбута, якая знаходзіць сваё развіццё ў рамане і на якой размаўляюць героі кнігі.

Са сваёй адкрытай да эксперыментаў моўнай гульнёй, сваім тонкім адчуваннем рытму і гучання на розных тэкставых узроўнях і грунтоўнасцю, што дазваляе адсачыць шматлікія культурныя алюзіі рамана, Томас Вайлер дорыць нямецкамоўнаму чытачу нечуваную моўную асалоду і доступ да аднаго з дагэтуль невядомых твораў сусветнай літаратуры.