BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

За ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай мовы

Аб’яднаны Пераходны Кабінет прыняў рашэнне ўзнагародзіць выбітных людзей за ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай мовы. Рашэнне зацверджанае з нагоды Дня роднай мовы.

This image has an empty alt attribute; its file name is photo_2024-02-21_14-04-02-1024x648.jpg

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаныя палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадска-палітычны дзеяч, паэт, празаік Уладзімір Някляеў, беларусістка, першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла, перакладчык, журналіст Сяргей Шупа і яшчэ чатыры асобы, імёны якіх не раскрываюцца з прычын бяспекі.

Медалём “Гонар і годнасць” узнагароджаныя доктар філалагічных навук Ніна Баршчэўская, дырэктар Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Ігар Лукашук, паэтэса і перакладчыца Ванда Марцінш, гісторык, выдавец Андрэй Янушкевіч і яшчэ дзве асобы, імёны якіх не раскрываюцца з прычын бяспекі.

Кандыдатуры ўзнагароджаных прадстаўленыя Камісіяй па ўзнагародах пры Аб’яднаным Пераходным Кабінеце. Узнагароды распрацаваны і выраблены Геральдычнай радай.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык: «Вельмі радая, што ў Дзень роднай мовы Кабінет ухваліў прапанову Камісіі па ўзнагародах і прыняў рашэнне адзначыць медалямі такіх выбітных людзей. Кожны і кожная з іх зрабілі вялікі ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай мовы, гэта прафесіяналы сваёй справы. Па кожнай з кандыдатур Камісія па ўзнагародах прагаласавала аднагалосна. Шчыра віншую ўсіх узнагароджаных, а з імі і ўсіх прыхільнікаў беларускай мовы, бо толькі нашымі агульнымі высілкамі яна будзе жыць і развівацца!»