Літва, Польшча, Нямеччына і Чэхія – менавіта гэтыя краіны прынялі «Заходні тур» беларускіх музыкаў Аляксандра Памідорава і Ігара Варашкевіча. А горадам, дзе адбыўся апошні канцэрт гэтага тура, стаў Беласток.

Тур стаў не толькі шэрагам канцэртаў, але і своеасаблівым культурным мостам паміж беларусамі, што жывуць у розных кутках Еўропы. Музычная дарога, насычаная жывымі выступамі, сустрэчамі з дыяспарай, спевамі, узаемаразуменнем і надзеяй, прайшла ў атмасферы шчырасці і супольнасці.
Кажа Аляксандр Памідораў:
– Цікава тое, што мы разам ніколі не гралі. І гэта трэба было неяк нам скласці праграму, каб мы былі абодва на сцэне, і каб удзельнічалі ў песнях – Ігар у маіх, а я – у ягоных. Перад першым віленскім выступам прыкінулі, хто што будзе, прыкінулі кожны сваю праграму па пяць песень – пяць песень я і пяць песень ён.
Па словах паэткі і пісьменніцы Міры Лукшы, ёй было вельмі прыемна ўбачыць сваіх сяброў:
– Падабалася, калі спяваюць мае сябры. Ведаю іх дзясяткі гадоў. Ігар Варашкевіч спявае песні на словы майго сябра. Я вельмі захоплена іх песнямі і рада, перш за ўсё, што пабачыла іх. Прытуліліся, як раней. Пісалі калісьці мне, ты для нас як мама, мама Міра.
Музыкі не выключаюць, што «Заходні тур» можа мець працяг – запрашэнні паступаюць, а жаданне выступаць для беларусаў у розных краінах не згасае. Як адзначыў Памідораў, «гэта не проста гастролі – гэта неабходнасць быць разам з тымі, хто чакае і разумее».
Цалкам матэрыял:




Беларускае Радыё Рацыя






