Вёска Мацьковічы ў гміне Мельнік стала першай пляцоўкай у летнім цыкле культурных імпрэзаў, якія ладзіць Беларускае грамадска-культурнае таварыства. Тут, 7 чэрвеня, прайшло адкрыццё серыі мерапрыемстваў пад назвай «Беларускі народны фэст». Гледачы маглі пачуць выступы мясцовых калектываў з Падляшша, а таксама двух калектываў з Латвіі — «Пралескі» і «Паўлінка» з Даўгаўпілса.
Сённяшняй Госцяй Рацыі стала кіраўніца Даўгаўпілскага цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская, якая распавядзе пра беларускую супольнасць у Латвіі і песенныя традыцыі, што гучалі са сцэны Мацьковічаў.

Жана Раманоўская: Прывезла я сюды два калектывы: вакальны ансамбль «Пралескі», а другі – тэатральная студыя «Паўлінка».
РР: Як чутна па вашым голасе, вы таксама з Беларусі?
Жана Раманоўская: Так, я з Полацкай зямлі. Я нарадзілася ў Полацку, скончыла там школу, паехала вучыцца ў Даўгаўпілс на настаўніцу гісторыі, выйшла замуж, там і засталася. Я сама не спяваю, не танцую, але займаюся тэкстамі, працую са словам.
РР: А музыка як прыходзіць, хто ў вас адказвае за музыку?
Жана Раманоўская: А за музыку ў нас адказваюць адукаваныя спецыялісты. І яны ўсе ў нас вельмі высокага прафесійнага ўзроўню з вышэйшай адукацыяй, магістры. У кожнага ансамбля такі кіраўнік.
РР: Калі ласка, прадстаўце свае два калектывы. Чым яны адрозніваюцца і ў чым галоўны сэнс?
Жана Раманоўская: «Пралескі» – гэта вакальны і крышачку інструментальны ансамбль. У ім спяваюць маладыя жанчыны. Яны спяваюць тыя песні, якія ім падабаюцца, аўтарскія беларускія песні, крыху ёсць народных, і латышскія песні. А тэатральная студыя «Паўлінка» ставіць невялікія імпрэзы, эцюдныя замалёўкі з беларускай класікі альбо з фальклору. І гледачам прадстаўляюць кавалкі аўтэнтычных фальклорных песень, як спяваюць бабулі на Палессі.
РР: Ці пачуем штосьці знаёмае з беларускіх песень, мо «Купалінку» ці што-небудзь яшчэ такое традыцыйнае?
Жана Раманоўская: Не, традыцыйнае не бралі, а прывезлі тыя песні, якія мы спяваем. А ансамбль, які мы тут чуем і ведаем, у іхнім рэпертуары гэтых песень няма. І ў тым каштоўнасць вось такіх сустрэч такіх святаў і фестываляў. Мы глядзім, хто што выконвае, спявае і дзелімся, і потым, можа, пашыраем свой рэпертуар
Цалкам гутарка:
З “Госцяй Рацыі”, дырэктарам структурнага падраздзялення “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання Жанай Раманоўскай, размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя