BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Застаецца з намі

22 траўня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага празаіка і драматурга Леаніда Гаўрылкіна (1935-1989).

Леанід Гаўрылкін нарадзіўся ў пасёлку Стэп Церахоўскага Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1952 годзе скончыў Церахоўскую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне філасофіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а праз два гады перавёўся на аддзяленне журналістыкі. Пасля атрымання дыплома працаваў адказным сакратаром рэдакцыі церахоўскай раённай газеты “Ленінец”. У 1960 годзе пераехаў у Гомель, дзе на працягу 17 гадоў займаў пасаду рэдактара літаратурна-драматычнай рэдакцыі абласной студыі тэлебачання. Прымаў удзел у стварэнні Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і адначасова з’яўляўся яго сакратаром на працягу 10 гадоў.

З 1977 года пачаўся новы перыяд у жыцці пісьменніка. Пасля пераезду ў Менск Леанід Гаўрылкін займаў шэраг адказных пасад: у 1977–1979 гадах быў галоўным рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм”, у 1979–1986 гадах выконваў абавязкі сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі па арганізацыйных пытаннях, у 1986–1989 гадах працаваў загадчыкам аддзела літаратуры часопіса “Вожык”.

Свае першыя апавяданні “Радасць” і “Абгарадзіўся” Леанід Гаўрылкін надрукаваў у 1959 годзе ў часопісе “Маладосць”, у 1961 годзе там жа была надрукавана і першая яго аповесць “Каця”. Першая кніга прозы “Рукі не здрадзяць” выйшла з друку ў 1963 годзе.

З-пад пяра Леаніда Гаўрылкіна выходзілі цікавыя празаічныя творы – апавяданні, аповесці, навелы, раманы: “Прашу звольніць мяне” (1965), “Пакінутая на досвітку” (1970), “Вясенні разліў” (1973), “Не магу без цябе” (1975), “Зямля дзяцей нашых” (1980), “Урок без перапынку” (1985), “Ружы для каварнай жанчыны” (1990) і іншыя. Творы Леаніда Гаўрылкіна асвятляюць розныя сферы духоўнага жыцця, закранаюць маральна-этычныя праблемы яго сучаснікаў, характарызуюцца вастрынёй сюжэта, злабадзённасцю.

У сваім першым рамане “Не магу без цябе” аўтар распавядае пра беларускіх геолагаў, якія напачатку 60-х гадоў XX стагоддзя шукалі “чорнае золата” на Палессі, паказвае нялёгкую працу рабочых, складаныя маральна-этычныя адносіны ў працоўным калектыве.

Леанід Гаўрылкін лічыў асноўнай задачай чалавека абарону сваёй зямлі і захаванне яе чысціні для сваіх нашчадкаў, таму ён з трывогай сачыў за тым, як тэхнічны прагрэс мяняў родную зямлю і векавы ўклад палешукоў.

У рамане “Матчына хата” (1983) пісьменнік звярнуўся да гісторыі пасляваеннай вёскі, згадвае, якой была малая радзіма падчас яго дзяцінства і юнацтва. Раман прысвечаны вясковаму жыццю, традыцыйным народным уяўленням аб маралі і этыцы, вырашэнню няпростых жыццёвых пытанняў.

У кнізе аповесцей для дзяцей “Урок без перапынку” шмат гумару, непасрэднасці і любові аўтара да сваіх юных герояў, якія пасля страты бацькоў падчас вайны вымушаны самастойна выбіраць свае жыццёвыя дарогі.

На творчым рахунку Леаніда Гаўрылкіна – шэраг зборнікаў гумарыстычных і сатырычных апавяданняў “Мадэльер з Баршчоўкі” (1980), “Як Клава мужа шукала” (1984), “Жыццё Ігната Валуна” (1989) (увайшлі ў бібліятэчку часопіса “Вожык”).

Леанід Іванавіч плённа працаваў і ў галіне нацыянальнай драматургіі. Ён аўтар аднаактовых п’ес “Бо ў пісанні сказана” (1966), “Выпрабаванне” (па матывах рамана “Не магу без цябе”, пастаўлена ў Гомельскім абласным драматычным тэатры), радыёп’есы «“Жыгулі” ў экспартным варыянце”» (пастаўлена на Беларускім радыё), камедыі “Хвост паўліна” (пастаўлена на Беларускім тэлебачанні). Леанід Гаўрылкін – аўтар кінасцэнарыя дакументальнага фільма пра Петруся Броўку “Маўчаць ніколі я не буду” (1980).

У 1986 годзе быў надрукаваны раман пісьменніка “Застаюся з табою” – апошні па часе твор Леаніда Гаўрылкіна, а ў 1987 годзе выйшлі яго выбраныя творы ў 2 тамах.

Ён любіў жыццё і лічыў, што павінен працаваць, не шкадуючы сябе, аддаваць працы ўсе сілы. Людзі, якім давялося працаваць побач з Леанідам Іванавічам, яго сябры і знаёмыя адзначаюць яго сціпласць і стрыманасць, жаданне прыйсці на дапамогу маладым і таленавітым. Леанід Іванавіч дапамагаў іх творам трапіць на старонкі часопісаў і газет, на радыё і тэлебачанне, арганізоўваў творчыя вечары. Леанід Гаўрылкін пайшоў з жыцця ў росквіце творчых сіл. Нам, беларусам, ён пакінуў добрую памяць пра сябе і цікавыя творы.

Беларускае Радыё Рацыя